20 верасня ў Гомелі сілавікі перакрылі традыцыйнае месца збору пратэстоўцаў – пляцоўку каля ўнівермагу. Шэраг гаражан перайшлі на левы бок вуліцы Савецкай, а іншыя сталі гуртавацца на ходніках блізу плошчы Паўстання. Ад праспекта Перамогі да вуліцы Камсамольскай сфармавалася калона, у якой было некалькі соцень чалавек.

У ёй людзі розных узростаў. Студэнт Павел тлумачыць, што выйшаў на пратэстную дэманстацыю супраць дыктаруры: “Хочам сумленных выбараў, свабоды слова. Мае бацькі і знаёмыя – усе галасавалі за Ціханоўскую.”

Пенсіянерка Марыя зазначае, што ўжо месяц выходзіць на пратэстныя дэманстацыі. “Я выходжу пратэставаць супраць несумленных выбараў. Перажываю не столькі за сябе, колькі за дзяцей і ўнукаў. Нельга ўжо далей жыць пры гэтым рэжыме. Усе ведаюць пра страшную фальсіфікацыю выбараў. Нас, карэнных беларусаў, сціраюць з твару зямлі. Вы паглядзіце, колькі вакол міліцыі, якая глуміцца над людзьмі. Я што, рабыня, што да мяне не прыслухоўваюцца?”, – абураецца яна.

Калона скандуе “Жыве Беларусь!”.

Міліцыянты, адзін з якіх у накідцы з надпісам “Інфармацыйная група”, зблізку здымаюць пратэстоўцаў.

Гомель: супрацьстаянне маніфестантаў і амапаўцаўКаля будынку рэгіянальнага ўпраўлення Следчага камітэту выстраілася шарэнга амапаўцаў у чорным. Пратэстоўцы пераходзяць на іншы бок вуліцы Савецкай. Амапаўцы – за імі. Пры скверы Грамыкі яны зноў выстраіліся ў шарэнгу, перагарадзіўшы  шлях дэманстантам, якія рухаліся ў бок цэнтру горада.

Сілавікі паводзілі сябе надзвычай агрэсіўна і жорстка. Яны перапынялі дэманстрантаў, куды б тыя ні рухаліся.

Дзябёлая жанчына ў цывільным вырвала ў пенсіянеркі плакат, на адным баку якога  было напісана: “Нам Лукашэнка не бацька, ён – мафіі хросны бацька”, на другім – “Улада без закону – гэта банда”. Каля цырку адбыліся першыя затрыманні пратэстоўцаў.

Сярод  затрыманых аказаліся Святлана Нарскіна, Наталля Тароль, Іван Сауцін. З райаддзела міліцыі іх без суда павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. Лік затрыманых ідзе на дзесяткі.

Поделиться: