Пратэст у Салігорску, 14 жніўня

Размова доўжылася 40 хвілін, у ёй браў удзел генеральны дырэктар Yara Свайн Тур Гульсэтэр, паведаміў сустрашыня страйкаму Анатоль Бокун, піша Свабода.

«Мы перадалі спіс рэпрэсаваных працаўнікоў, тых, хто звольнены падчас страйку, хто адбыў арышты ці пазбаўлены прэміі. Нас наўпрост спыталі: ці хочам, каб нарвежская кампанія зусім сышла з беларускага рынку? На гэта мы адказалі, што ім вырашаць, але, паколькі мы выступаем за дыялог паміж намі і наймальнікам, то найперш спадзяемся, што Yara стане пасярэднікам у гэтым дыялогу», — расказаў Анатоль Бокун пра сустрэчу з дэлегацыяй кампаніі Yara.

Тыдзень таму Анатоль Бокун яшчэ адбываў 15-дзённы адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях пратэсту.

У сустрэчы з дэлегацыяй кампаніі Yara таксама бралі ўдзел прадстаўнікі Беларускага незалежнага прафсаюза, першасная арганізацыя якога дзейнічае на «Беларуськаліі», паведаміў Анатоль Бокун. Па ягоных звестках, нарвежская дэлегацыя сустракалася з генэральным дырэктарам «Беларуськалія» Іванам Галаватым і кіраўніцтвам дзяржаўнага прафсаюза на прадпрыемстве.

Кампанія Yara найбуйнейшы ў Нарвегіі пакупнік беларускага калію. Раней Yara прыняла заяву з асуджэннем парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

«Мы выразна чакаем, што нашы дзелавыя партнёры будуць прытрымлівацца нашых этычных прынцыпаў, што яны выконваюць законы і пастановы, а таксама міжнародна прызнаныя стандарты ў галіне правоў чалавека, правоў супрацоўнікаў і этычнага вядзення бізнэсу», — гаворыцца ў заяве.

17–18 жніўня на «Беларуськаліі» пачаўся страйк з патрабаваннямі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі ды правядзення новых выбараў, у якім, паводле страйкаму, бралі ўдзел да 7 тысяч працаўнікоў. Паводле звестак адміністрацыі, у страйку ўдзельнічалі да 800 чалавек.

Страйкам «Беларуськалія» заяўляе, што цяпер да 20 працаўнікоў не з’яўляюцца на працу, бо знаходзяцца ў страйку, і яшчэ шмат хто страйкуе «па-італьянску».

Поделиться: