Так выглядала памежная тэрыторыя пасля сыходу хасідаў

Хасіды-пілігрымы, якія амаль тыдзень жылі на нейтральнай тэрыторыі паміж беларускім пунктам пропуску Новая Гута на Гомельшчыне і ўкраінскім Новыя Ярылавічы, усе гуртам пакінулі памежную мясцовасць. Пра гэта паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка ў Facebook. Інфармацыя падмацавана фотаздымкамі.

Паводле намесніка міністра УСУ, хасіды накіраваліся ў Гомель ды іншыя беларускія гарады, каб там адсвяткаваць Рош Ха-Шана (габрэйскі Новы год), які сёлета прыпаў на 18 верасня.

Каля дзвюх тысяч хасідаў з Ізраіля, ЗША, Вялікабрытаніі прыехалі тыдзень таму ў памежныя беларускіх гарады, каб патрапіць ва Украіну ў горад Умань на магілу цадзіка (праведніка) Нахмана. Беларусь прапусціла хасідаў праз сваю мяжу, а Украіна – не прыняла, паколькі яшчэ 28 жніўня праз каранавірус закрыла ўезд для іншаземцаў на сваю тэрыторыю.

Аляксандр Лукашэнка даручыў сваім чыноўнікам звязацца з украінскім бокам і дамовіцца аб прадастаўленні зялёнага калідора для хасідаў. Беларусь гатова была забяспечыць транспартам, які даставіў бы хасідаў да ўкраінскіх святыняў і назад, а затым у аэрапорт, каб адправіць на радзіму.

На сітуацыю на мяжы з захрасшымі тут блізу 2 тысяч хасідамі адрэагаваў офіс прэзідэнта Украіны: паломнікаў увялі ў зман улады Беларусі. Пра гэта гаварылася ў заяве, абнародаванай 16 верасня на афіцыйным сайце ўкраінскага кіраўніка.

“Большасць з іх прыбылі з Ізраіля, даверыўшыся чуткам пра тое, што ўкраінская мяжа з Беларуссю нібыта адкрыта. Улады Беларусі некаторымі сваімі непрадуманымі заявамі наўмысна ці ненаўмысна падаграваюць гэтыя чуткі”, – адзначалася ў заяве.

Украінскія ўлады заяўлялі, што яны з глыбокай павагай ставяцца да нацыянальных і рэлігійных традыцый. Штогодна горад Умань, што ў Чаркаскай вобласці, прымае ад 20 да 50 тыс. пілігрымнікаў-хасідаў з усяго свету. Аднак сусветная пандэмія CAVID-19 дыктуе іншыя правілы, дзе бяспека і здароўе грамадзян вышэй за ўсё.

Поделиться: