Фото: Hrodna.life

На ўмовах ананімнасці ён распавёў журналістам, што прыйшоў на плошчу ў нядзелю, каб сказаць сілавікам: спыніце бязмежжа. На шыі ў яго быў павязаны бел-чырвона-белы сцяг, на майцы – Пагоня. Праўда, на плошчу прайсці не ўдавалася, паколькі ўсё было перакрыта.

Стаяў каля абласнога драмтэатра і, вядома, быў вельмі заўважным. Да яго пад’ехаў шэры бус без нумароў, адтуль выскачылі людзі ў цывільным….

А далей, распавядае хлопец, усё было, як  у кіно. Ён сігануў да Нёмана, але яны беглі за ім і нічога не заставалася зрабіць, як кінуцца ў ваду.

“Раней я спрабаваў пераплыць Нёман, але мне гэта не ўдалося, распавядае хлопец. – А цяпер я быў у адзенні, на нагах – красоўкі і на шыі бел-чырвона-белы сцяг”.

Людзі ў цывільным крычалі, каб вяртаўся, маўляў, утопішся, а ён адказаў ім, што гэта будзе на іх сумленні і плыў далей. Дарэчы, бел-чырвона-белы сцяг трымаў моцна і не выпусціў.

У тым месцы шырыня Нёмана прыкладна метраў 300, але страх быў такі, што наш герой даплыў да другога берага. Там яму дапамаглі выбрацца з вады людзі. Вельмі баяўся, што яго арыштуюць, але ніхто з міліцыі так і не з’явіўся.

Людзі, якія гулялі побач з Нёманам, далі сухую куртку, выклікалі таксі і адправілі дахаты.

“Рукі яшчэ доўга трэсліся пасля гэтага”, – прызнаецца хлопец.

Публікацыя — з № 74 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: