Фото: Дождь

Другі месяц Беларусь жыве па-за прававым полем, у краіне перасталі дзейнічаць законы. Такое адчуванне, што ўсіх нас захапіла ў палон злачынная ваенная хунта, мэта якой – прыніжаць, калечыць і запалохваць людзей. Раніцай стала боязна адкрываць інфармацыйныя сайты – кагосьці выкралі невядомыя ў масках і звезлі невядома куды, кагосьці вывалаклі з кватэры, узламаўшы жалезныя дзверы, камусьці паламалі рэбры ў міліцэйскім аўтазаку… У Брэсце супраць мірных пратэстоўцаў задзейнічалі вадамёты, у Мінску сілавікі цягалі за валасы студэнтак, што спявалі “Марсельезу”, у сталічных мікрараёнах сістэматычна наладжваюцца аблавы на звычайных прахожых…

Прычым усё гэта не ўдаецца рабіць патаемна – знятае сведкамі відэа імгненна трапляе ў інтэрнэт. І вось такою – са зграямі гарылападобных істот у чорных масках з дубінкамі на вуліцах – увесь свет бачыць сёння Беларусь. Тых гарыл вывезці куды-небудзь у пампасы, хай бы какосы з пальмаў збівалі, а яны збіваюць мірных людзей. Мірных! Бо ніхто яшчэ і камення не падняў, каб адказаць на гвалт, каб проста самаабараніцца.

Закон у Беларусі ўжо не як дышаль, які можна павярнуць, куды трэба. Ён стаў гумовай дубінкай, якой дазволена ўсё. “Часам не да законаў”, – пачулі служывыя людзі ад свайго галоўнакамандуючага на тэрмінова скліканай нарадзе. Прызнацца, я адразу падумаў, што ў мяне галюцынацыі ад інфармацыйнага перадозу. Ну як такое магчыма? Сядзіць у зале мноства міліцыянераў, пракурораў, суддзяў – нібыта праваахоўнікаў, – а ім кажуць: права – на паперы, а ў жыцці дзейнічайце, як уздумаецца. Такім чынам галоўны камандзір апраўдаў усе ўжо здейсненыя сілавікамі злачынствы і, так бы мовіць, благаславіў на будучыя.

Пасля благаславення, як і трэба было чакаць, рэпрэсіўная машына запрацавала з новай сілай. О, адчуванне беспакаранасці дае магчымасць і самаму нікчэмнаму носьбіту дубінкі адчуць сябе звышчалавекам – Übermensch’ам: каго хачу, таго малачу, не блытайцеся, маўляў, пад нагамі.

Адзін такі з дубінкай бегаў за людзьмі па сталічным праспекце Пераможцаў. Не дагнаў і са злосці высадзіў шкляныя дзверы ў кавярні, якая стала сховішчам для некалькіх удзельнікаў пратэстных акцый. Тут бы яго і павязаць за разбой і пагром. Ды не атрымалася – самым сапраўдным пагромшчыкам аказаўся… міліцыянер. І не проста міліцыянер, а палкоўнік Мікалай Карпянкоў – начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Як на цвярозы розум, палкоўнік мусіў арыштаваць сам сябе, як герой Юрыя Нікуліна ў фільме “Старыя-разбойнікі”. Цяпер зладзеі ў законе і карупцыянеры могуць спаць спакойна – Карпянкову яны не ў галаве, ён кавярні громіць. Не да законаў…

У Жодзіне чалавек у масцы стаяў на аўтамабільнай паркоўцы. Яму было відавочна сумна – ці то з левай нагі раніцай ўстаў, ці то з жонкай пасварыўся. І ён адрэпеціраваным на баксёрскай грушы ўдарам паклаў на зямлю жанчыну, якая хацела зрабіць некалькі фотакадраў і апынулася ў зоне дасягальнасці яго пудовага кулака. Моўчкі, без тлумачэнняў ці папярэджанняў, прафесійным хукам злева. Абураны натоўп сарваў з “баксёра” маску. Ім аказаўся … старшы ўчастковы маёр Дзмітрый Мялешка. Не да законаў…

І гопніцкая выхадка палкоўніка Карпянкова, і хуліганскі накаўт маёра Мялешкі зазнятыя з усіх магчымых ракурсаў. Ёсць пацярпелыя, ёсць сведкі, ёсць відэа. То ці пакараў міністр унутраных спраў Караеў сваіх падначаленых? Не, яны працягваюць выконваць свае службовыя абавязкі.

Генерал Караеў расперажываўся з другой прычыны – з яго супрацоўнікаў зрываюць маскі, іх прозвішчы агалошваюцца ў СМІ, парушаецца службовая таямніца ў судах. І ён выступіў з ініцыятывай распрацаваць закон, які гарантаваў бы поўную ананімнасць яго ведамству. А то, ці бачыце, суседзі сталі скоса пазіраць, служыць у міліцыі зрабілася непрэстыжна.

З прэстыжам сапраўды праблема. У сацыяльных сетках сілавікоў (тых, што працуюць на вуліцах) называюць лупавокімі панчохамі. Успомніў наш народ дасціпны ліхія 1990-я, калі бандыты, ідучы на разбой, нацягвалі на твары жаночыя панчохі. Што ж, прагрэс навідавоку – у сучасных балаклавах з’явіліся проразі для вачэй.

За месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў беларускія праваабаронцы зафіксавалі больш за 600 фактаў непрыхаванага гвалту з боку сілавікоў. На сямі валовых скурах не апісаць, што яны вытваралі ў аўтазаках, у ІЧУ на Акрэсціна, проста на вуліцах. Дзеянні сілавікоў-гвалтаўнікоў задакументаваны, пацярпелыя прадставілі медыцынскія даведкі. Больш за 600 фактаў – імі ўжо ААН зацікавілася. У адказ ад беларускай праваахоўнай сістэмы – ні адной распачатай справы, ні аднаго службовага разбіральніцтва. Не да законаў…

Бо пачні разбірацца і паказальна пакарай тых жа палкоўніка Карпянкова і маёра Мялешку – і заўтра ахвотнікаў махаць дубінкамі днём з агнём давядзецца шукаць. Бо падпертая тымі самымі дубінкамі сістэма пачне завальвацца на бок, як даміно. І тады давядзецца адказваць усім – ад генерала да сяржанта.

А адказваць сілавікам вышэйшага ўзроўню вельмі не хочацца – нават на ветлівыя просьбы грамадзян. “Прадстаўцеся, калі ласка, і прад’явіце службовыя пасведчанні,” – з жалезнай вытрымкай паўтараў мінчанін Сцяпан Латыпаў невядомым у масках, засланяючы сабою знакаміты ўжо мурал “Перамен!” на Сморгаўскім тракце. Не прадставіліся, не прад’явілі. Схапілі таго Латыпава і завялі на яго крымінальную (!) справу. А ўвогуле спраў крымінальных (“за непадпарадкаванне, супраціўленне, замахі на жыццё і г.д.”) МУС ініцыявала ажно 43! Нуль і 43. Адчуваеце розніцу? Вось як дбае пра гонар мундзіра генерал Караеў. Што ж, чужыя грахі перад вачыма, а свае – за плячыма. Што да заплямленых генеральскіх, палкоўніцкіх і маёрскіх мундзіраў, то іх ужо і ў хімчыстцы не адмыць.

Паэт і пчаляр, заснавальнік Мядовай прэміі для пісьменнікаў Брэстчыны Мікола Папека на міліцэйскія бясчынствы адгукнуўся жартоўным вершам: “Міліцыя і я / ў полі біліся – / мыліцы і я / палюбіліся”. Зняважыць і скалечыць (духоўна і фізічна) і падапхнуць нам пад пахі хісткія мыліцы страху – вось пра што сёння найперш дбае ведамства генерала Караева, які на 600 з гакам заяў ад пацярпелых працадзіў скрозь зубы нешта накшталт прабачэння. Сёння прабачыўся, а ўжо заўтра яго падначаленыя зноў узяліся за сваю жудасную барацьбу-малацьбу. У гонар распачатай імі вайны з уласным народам хоць вазьмі і падсучасні тысячагадовае “Слова пра паход Ігаравы”: “На Нямізе галовы сцелюць снапамі, гумавымі малоцяць дручкамі…”

“Мы ўзброены перш за ўсё гуманізмам”, – заявіў палкоўнік Карпянкоў у адным з інтэрв’ю (так, ён стаў медыйнай персонай; гадамі бясслаўна змагаўся з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, а тут дзверы выбіў і – праславіўся). Гумовы гуманізм? Не ўтрымаецца на ім улада, якой “не да законаў”, чакае яе хуткі канец.

Мундзір пасля працы можна павесіць у шафу. А сумленне дзе павесіш? А калі сынок ці ўнучак сядзе на калені і раскажа сучасны дзіцячы вершык, пачуты ў двары? “А на нас пускалі газ! / А на вас? – / А ўсіх нас схапіў спецназ! / Ну а вас? – / А для нас быў карагод / ды прыехаў вадамёт. / От!..” І далей – і пра калючы дрот, і пра аўтазакі. Дзеці ўсё бачаць і ўсё запамінаюць. І мундзір заплямлены рана ці позна пабачаць.

І што тады? Ці не лепш, махнуўшы ў апошні раз дубінкай, праявіўшы, так бы мовіць, гумовы гуманізм, спыніцца і паспрабаваць падумаць пра будучыню – сваю і блізкіх? І ўспомніць, што закон – не дышаль і не дубінка. І згадаць як падказку продкаў народную мудрасць: ад астрогу нікому няма засцярогу…

Ці не лепш было б сілавікам узяць у абарот тых, хто нахабна сфальсіфікаваў вынікі галасавання падчас прэзідэнцкіх выбараў, з-за чаго вось ужо месяц тысячы і тысячы сумленных людзей выходзяць на пратэстныя акцыі?

Публікацыя — з № 74 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: