Аляксандр Лукашэнка 16 верасня пазбавіў рангу паўнамоцнага і надзвычайнага пасла Паўла Латушку і Ігара Ляшчэню.

Латушка ўзначальваў прадстаўніцтвы Беларусі ў Польшчы (2002 — 2008) і Францыі (2012 — 2019), а Ляшчэня — у Егіпце (1998 — 2002), Ізраілі (2006 — 2012) і Славакіі (2016 — 2020). Гэта адны з найбольш дасведчаных айчынных дыпламатаў.

І Латушка, і Ляшчэня падтрымалі людзей, што выходзілі на вуліцы беларускіх гарадоў, выступаючы за новыя выбары і пратэстуючы супраць гвалту. Гэта і стала нагодай для такога рашэння.

У інтэрв’ю «НН» Павел Латушка падзяліўся сваімі думкамі аб працы МЗС.

«Наша Ніва»: Як вы паставіліся да такога кроку беларускіх уладаў — пазбавіць вас рангу паўнамоцнага і надзвычайнага пасла?

Павел Латушка: З аднаго боку ўлады ўзнагароджваюць тых, хто ажыццяўляе гвалт у дачыненні мірных грамадзян, а з іншага боку — прыцягваюць да адказнасці тых, хто выступае супраць гвалту. Гэта дае выдатнае разуменне, што з’яўляецца каштоўным для ўлады, а што — не.

Але мне не хацелася б ацэньваць рашэнне наконт асабіста мяне.

«НН»: Як вы ўвогуле ацэньваеце працу МЗС апошніх гадоў?

ПЛ: Тое, што адбылося са знешнепалітычным кірункам дзейнасці МЗС, — гэта абсалютная фрустрацыя і дэматывацыя. Я магу сказаць, што апошнія 2-3 гады дыпламаты не працуюць, гэты час яны пазбаўленыя кантролю кіраўніцтва МЗС. Няма рэальных захадаў і дзеянняў па выкананні тых стратэгічных мэтаў, якія нібыта ставіў прэзідэнт. Я кажу гэта як пасол — фактычна гэтая дзейнасць не ажыццяўлялася пасольствамі. Яна ажыццяўлялася толькі па ініцыятыве асобных паслоў. Агульнай жа накіраванай стратэгіі не было.

Кадравая палітыка МЗС апошніх гадоў была накіраваная на тое, каб ключавыя пасады займалі людзі, якія не зацікаўленыя нешта мяняць ці нешта ініцыяваць. Яны, хутчэй, гатовыя роварамі ездзіць вакол еўрапейскіх сталіц, змяшчаць гэтыя фоткі ў інстаграме і лічыць, што на гэтым іх місія выкананая.

«НН»: Ці шмат дыпламатаў сёння падтрымлівае ўладу?

ПЛ: Я ведаю шмат дыпламатаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту 90-х гадоў. Яны маюць абсалютную нязгоду з палітыкай дзейнага прэзідэнта. Але сёння яны працягваюць выконваць свае функцыі і працаваць моўчкі.

Калегі, якія працуюць у Еўрасаюзе, найперш павінны задавацца пытаннямі, як павінна выглядаць дэмакратычная дзяржава, як павінна развівацца Беларусь, якія рэформы ёй патрэбныя. Маўчаць на гвалтоўнае падаўленне іншадумства і разумець, што яны і надалей могуць працаваць у інтарэсах дзяржавы, прабачце, — гэта самападман. Бо яны цяпер працуюць не ў інтарэсах дзяржавы, а ў інтарэсах адной асобы.

Я ведаю, што іх дзеці, іх родныя, іх блізкія рашуча выступаюць супраць таго, што робіцца ў Беларусі. Толькі праз увагу на тое, што ў іх ёсць высокія пасады, добрыя заробкі, аўтамабілі, будуць моўчкі падтрымліваць гэтую ўладу. Але ж настаў час для кожнага дыпламата абіраць: ці ён за гвалт, ці ён супраць гвалту.

Кожны з паслоў ведае, што такое фальсіфікацыя выбараў. Думаю, няма ніводнага пасольства Беларусі, якое б не сфальсіфікавала выбары, і раней, і цяпер.

«НН»: Што вы думаеце на рэакцыю міністра Макея на апошнія падзеі?

ПЛ: Гэтая асабістая параза Макея. Ён апошнія гады праводзіў палітыку беларусізацыі, дэманстраваў, што ён праеўрапейскі палітык, што сыходзіць з прынцыпаў пабудовы дэмакратычнай дзяржавы шляхам эвалюцыі. Фактычна ж тое, што адбылося ў Беларусі пасля выбараў — цалкам супярэчыць усяму, што рабіў Макей. Да яго ўзнікае пытанне: ці не павінен ён зрабіць выбар, ці ён за гвалт і фальсіфікацыі альбо супраць? Ён пазбаўляецца аўтарытэту ў Еўропе.

Што тычыцца кадравай палітыкі, то відавочны ўплыў Максіма Рыжанкова, першага намесніка Адміністрацыі прэзідэнта. Шмат гадоў ён знаходзіцца ў прамым канфлікце з Уладзімірам Макеем. Ён выкарыстоўвае ўсе сродкі, каб знішчыць Макея на гэтай пасадзе.

Пасол Беларусі ў Латвіі Уладзімір Марковіч — гэта асабісты сябра Уладзіміра Макея. Ён звольнены, бо двое дыпламатаў не пагадзіліся з палітыкай сённяшніх уладаў. Зразумела, што Макей бараніў свайго сябра, але яму гэта не ўдалося. Рыжанкоў перайграў тут Макея. Сёння мы можам канстатаваць, што знешняя палітыка Беларусі разваленая.

«НН»: Ваша крытыка Максіма Рыжанкова — гэта не асабістае? (Рэч у тым, што першая жонка Латушкі цяпер у шлюбе з Рыжанковым — «НН».)

ПЛ: Я не крытыкую, я канстатую. Я гавару факты. Скарачэнне цэнтральнага апарату МЗС, якое адбылося тры гады таму, — гэта была ініцыятыва Рыжанкова. Макей супрацьстаяў гэтаму, але прайграў.

«НН»: Ці маеце вы кантакт з пасламі Пуставым і Ляшчэнем, якія сышлі са сваіх пасад у знак нязгоды з палітыкай уладаў Беларусі?

ПЛ: Не, я не ініцыяваў такіх кантактаў. Са спадаром Ляшчэнем мы камунікавалі адзін раз. Ніякай змовы тут няма. Але гэта паказвае, што фактычна на 80-90% МЗС складаецца з людзей, якія супраць сённяшняй палітыкі кіраўніцтва краіны. КДБ цудоўна ведае пра гэта, але звольніць столькі дыпламатаў адначасова немагчыма. Аднак і на лаяльнасць знешнепалітычнага ведамства ўлады разлічваць ужо не могуць. Фактычна, дыпламаты будуць знаходзіцца ў стане італьянскай забастоўкі.

Поделиться: