Кацярына Дубаневіч

Вядомая беларуская мотападарожніца Кацярына Дубаневіч выказала сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне.

Кацярына падарожнічае на матацыкле по ўсім свеце ўжо даўно, шмат якія краіны пабачыла, і ёй ёсць з чым параўнаць тое, што зараз адбываецца ў Беларусі.

“Некаторыя мяне папракаюць: “не лезь у палітыку!”, “цябе ўвесь свет чытае”, “майданутая”, – кажа Кацярына. – Такое і многае іншае я чытаю на працягу апошняга месяца ў сябе ў сацыяльных сетках. 35 гадоў я ніякім чынам не датычылася палітычных тэм і з задавальненнем не датычылася б іх яшчэ столькі ж. Пісаць пра новыя дарогі, прыгоды, дзяліцца радасцю адкрыццяў і фотаздымкамі выдатных месцаў нашай планеты мне падабаецца значна больш.

Але я не магу рабіць выгляд, што ўсё добра, калі гэта не так. Маўчаць і публікаваць глянцавыя малюначкі азначае прызнаць, што нармальна запіхваць 16-гадоваму хлопцу ў рот дубінку, каб ён крычаў, што любіць АМАП.

Што нармальна збіваць і гвалтаваць маладых хлопцаў.

Нармальна, калі людзі ў масках і без апазнавальных знакаў ламаюць дзверы і выносяць маёмасць, разбіваюць шкло ў машынах і прабіваюць шыны матацыклаў.

Нармальна праводзіць суды са сведкамі ў масках, якія блытаюцца ў паказаннях і адмаўляюцца назваць свае імёны.

Нармальна біць дзяўчынак з бел-чырвонымі касічкамі, а хлопцам нажамі адразаць валасы.

Нармальна хлусіць, падрабляць дакументы і парушаць усе артыкулы Канстытуцыі.

Але я не магу зрабіць выгляд, што мяне гэта не датычыцца, калі ў турме і пад ударамі дубінак ўжо пабывалі дзясяткі сяброў, калі дзяўчынкі з “хуткай” плачуць, таму што такіх зверстваў яшчэ ніколі не бачылі ў жыцці. Калі страшна выходзіць на вуліцу, але яшчэ страшней – не выйсці і сядзець дома”.

Кацярына Дубаневіч дадае: “Я зараз цалкам магу зразумець рабаўніка ў Калумбіі, які пагражаў мне нажом, але хацеў проста грошай і фотаапарат. Ён не ад добрага жыцця гэта робіць. Але я не магу зразумець супрацоўніка сілавых структур, які здзекуецца са свайго ж народа і пры гэтым бачыць, што гэта не злачынцы, а студэнты, маладыя людзі, бабулі і дзядулі, яго суседзі і сябры”.

“Як такая мадэль паводзінаў магла стаць нормай? задаецца пытаннем мотападарожніца. – А тэлевізійшчыкі і дзяржаўныя журналісты? Кім выхаваны гэтыя людзі, што гатовы так бязбожна хлусіць кожны дзень, настройваючы людзей адзін супраць аднаго?

Мы вучыліся ў адных школах, універсітэтах, чыталі адны кнігі, у якіх дабро заўсёды перамагае зло, дзе гонар і сумленне – неадъемныя рысы характару годнага чалавека. Чаму ўсё пайшло не так? Як можна перавярнуць любое слова, дзеянне ў нахабную хлусню?

Я не буду прасіць прабачэння за тое, што зараз мае публікацыі будуць не толькі пра падарожжы. Я люблю ўвесь свет, маіх сяброў па ўсім зямным шары, веру ў дабрыню і шчырасць і каханне. Але цяпер мая родная краіна, мая сям’я і сябры напалоханы, знявечаны, але не зламаны. І мы верым, што выстаім супраць самавольства і несправядлівасці. А потым будуць займальныя падарожжы, апавяданні і зусім новае жыццё. Жыве Беларусь!”

Публікацыя — з № 74 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: