Пётр Садоўскі

Пытанне канстытуцыйнай рэформы, пра якую ўжо даўно гаворыць Лукашэнка, стала ключавым падчас сустрэчы з Пуціным 14 верасня ў Сочы. Нават 1,5 мільярда долараў расійскага крэдыту адступілі на другі план. Як стала вядома з нямецкіх СМІ, пра «канстытуцыйную рэформу» як кампраміс і пачатак дыялогу Лукашэнкі з народам Пуцін будзе гаварыць з Берлінам і Парыжам праз некалькі дзён, магчыма, да відэаканферэнцыі міністраў замежных спраў Еўрасаюза 24 верасня. На гэты раз міністры збіраюцца прапаноўваць канкрэтныя меры для развязвання беларускага крызісу.

У мяне складваецца ўражанне, што ў некаторых палітыкаў склаўся няпісаны кансэнсус: можна пакідаць Беларусь па-за еўрапейскай схематыкай, а феномен Лукашэнкі прызнаць чыста беларускім казусам, дзеля лепшай камунікацыі для эвалюцыйнага выхаду з палітычнага крызісу не ўключаць яго ў санкцыйны спіс, а магчыма, нават пры пасрэдніцтве не толькі Пуціна, а і каго-небудзь лагодна-мудрага, напрыклад серба, і каго-небудзь з краіны, якая мае ладна інвестыцый у Беларусі, сканцэнтраваць увагу на зменах выбарчага заканадаўства ў фармаце канстытуцыйнай рэформы.

Мой прагноз з улікам папярэдніх эпізадычных выказванняў Лукашэнкі небеспадстаўна выглядае змрочна. У новым варыянце лукашэнкаўскай Канстытуцыі можа з’явіцца раздзел пра змешаны прынцып выбараў: аднамандатныя акругі і партыйныя спісы.

Увогуле, у краінах, якія гістарычна развіваюцца па прынцыпах цывілізаванага капіталізму, партыі складаюцца дзесяцігоддзямі. У нас партыйнае будаўніцтва будзе весціся як бы і па-еўрапейску, нават з удзелам замежных экспертаў, але, натуральна, паскоранымі тэмпамі.

Уявіце сабе: па камандзе Лукашэнкі рэгіструецца партыя з назвай кшталту “За Беларусь!”, для рэгістрацыі колькасцю тысяч на 50–75. Потым можа дарасці да 100.000 і болей. Туды пабягуць былыя дэпутаты і ўсялякае начальства, разбаўленыя рабочымі і г.д.

У раздзеле “Партыі і грамадскія арганізацыі” ў новай Канстытуцыі па аналогіі з Захадам можа быць прадугледжана акрамя ахвяраванняў у партыйны фонд грамадзянамі і арганізацыямі Беларусі дзяржаўная падтрымка з бюджэту з разліку, напрыклад, адна базавая велічыня ў год на аднаго члена партыі.

Другая “моцная” партыя будзе выразна прарасійская. Але будзе мець беларускую назву тыпу “Братэрства”, фінансавацца з беларускай дзяржавы за кошт падаткаў грамадзян і за кошт ахвяраванняў беларускіх партнёраў расійскіх алігархаў.

Для поўнай гарантыі прарасійскасці і беларускага самаўладдзя можна прадугледзець дадаткова стварэнне органа кшталту казахстанскага ці расійскага дзяржсавета, дзе будзе старшынстваваць “несмяротны” аятала-елбасы-бацька.

Пры такім раскладзе можна абмяжоўваць і паўнамоцтвы прэзідэнта. Такі парламент зробіць усё, каб забетаніраваць навечна расійска-беларускую “братэрскую дружбу”.

І тут пераможа той, у каго больш грошай. Ці ж зможа параўнацца партыя Паўла Севярынца, якую нават зарэгіструюць, з фінансавымі магчымасцямі прарасійскай партыі буйнога і сярэдняга бізнесу? Дапусцім, партыя з нацыянальна-дэмакратычнай афарбоўкай, якую ўзначаліць лідар кшталту Паўла Латушкі ў суперніцтве з Ганнай Канапацкай (яна абяцае БЧБ сцяг і «Пагоню»), не зможа канкурыраваць з пераніцаванай «Белай Руссю», куды збяжыцца наменклатурны народ і якая будзе на законных падставах атрымліваць толькі з бюджэту мільён рублёў з разліку адной базавай велічыні на аднаго члена партыі плюс ахвяраванні нябедных фізічных і юрыдычных асоб.

Канстытуцыйная рэформа Лукашэнкі можа стаць яшчэ адной нацыянальнай небяспекай. Новая Канстытуцыя павінна прымацца без Лукашэнкі, пры новым прэзідэнце. І ў ёй павінны быць улічаны інтарэсы ўсіх груп насельніцтва.

Пётр САДОЎСКІ, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Германіі (3 чэрвеня 1992-га – 28 кастрычніка 1994 года).

Публікацыя — з № 74 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: