Фота https://newgrodno.by

Старшыня Гродзенскага гарадскога Савета Барыс Фёдараў адмовіў выбаршчыкам 51-й выбарчай акругі ў правядзенні сходу па адкліканні дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ліліі Кір’як. Выбаршчыкі падалі скаргу ў суд.

Сабралі неабходную колькасць подпісаў

У Гродне, як і ў многіх гарадах Беларусі, пачалася кампанія па адкліканні дэпутатаў. Іх папракаюць найперш у тым, што яны ніякім чынам не адрэагавалі на парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў і фальсіфікацыю іх вынікаў, а па-другое, што з боку дэпутатаў не было ніякай рэакцыі на збіццё сілавікамі мірных дэманстрантаў.

У Гродне чатыры акругі, і на ўсіх ініцыятыўныя грамадзяне сабралі неабходную колькасць подпісаў пад патрабаваннем, каб гарадскі Савет прадаставіў ім месца для правядзення сходаў па адкліканні дэпутатаў. Праўда, пакуль такі ліст у гарсавет быў накіраваны толькі з адной акругі – №51.

Згодна з Выбарчым кодэксам, пытанне аб адклiканнi дэпутата Палаты прадстаўнікоў можа быць узбуджана на сходзе выбаршчыкаў акругi, ад якой абраны дэпутат. І гэта першы этап складанай працэдуры адклікання. Каб ініцыяваць сход, згодна з заканадаўствам, дастаткова 150 подпісаў выбаршчыкаў, якія жывуць на тэрыторыі акругі. У жніўні актывісты выбарчай акругі №51сабралі 273 подпісы.

Каго адклікаюць?

Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па 51-й акрузе з’яўляецца Лілія Кір’як. Дарэчы, яна другі раз запар была абрана ў гэтай акрузе.

Юрыст Дзмітрый Салаш і актывіст Яўген Дудкін, якія рыхтавалі неабходныя дакументы для правядзення сходу, у адзін голас кажуць, што дэпутатка замест таго, каб адстойваць правы сваіх выбаршчыкаў, ініцыяваць адстаўку Лукашэнкі з-за фальсіфікацыі выбараў і збіццё мірных дэманстрантаў, абрала зручную для сябе пазіцыю – пра ўсё гэта прамаўчаць.

Яўген Дудкін кажа, што лагічна было б з боку дэпутата ў гэты няпросты для краіны час прыйсці да сваіх выбаршчыкаў, выслухаць іх, абмеркаваць праблемы, але яна, паводле слоў майго суразмоўцы, хаваецца ад іх.

Старшыня Савета адмовіў у правядзенні сходу

Выбаршчыкі 51-й акругі атрымалі адказ з гарадскога Савета за подпісам яго старшыні Барыса Фёдарава. Той піша, што довады аб невыкананні дэпутатам сваіх абавязкаў нікчэмныя, паколькі, маўляў, дэпутацкія паўнамоцтвы не даюць права на ўмяшальніцтва ў дзейнасць Цэнтральнай выбарчай камісіі, суда і іншых праваахоўных органаў і на дачу прававой ацэнкі іх дзеянняў.

Фёдараў нават тлумачыць выбаршчыкам, што ў адпаведнасці з артыкуламі 13 і 155 Выбарчага кодэкса ўдзел дэпутата ў выбарчым працэсе абмежаваны выкананнем функцыі назіральніка, і на гэтай падставе адхіляе прапанову аб правядзенні сходу па пытанні адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Гродзенскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №51 Ліліі Кір’як.

Пададзена скарга ў суд

Адмова выбаршчыкам 51-й акругі вельмі здзівіла юрыстаў. Дзмітрый Салаш, юрыст з шматгадовым досведам, кажа, што нават не ўяўляе, як такое можна было напісаць, бо ў заканадаўстве адназначна прапісана функцыя мясцовага Савета ў дадзенай сітуацыі.

“Функцыя Савета ў тым, каб арганізаваць месца для такога сходу, апавясціць зацікаўленыя бакі ў СМІ, а не разважаць на тэму, можна ці не можна, мэтазгодна ці немэтазгодна”, – падкрэслівае юрыст.

Ён з усмешкай дадае, што адзін чыноўнік вырашыў усё за цэлую акругу. І акцэнтуе ўвагу ўжо нават не на юрыдычным аспекце, а проста па-чалавечы пытаецца: як можа маўчаць дэпутат ад народа, калі вакол дзеецца гвалт?

Для падачы скаргі ў суд было сабрана 75 неабходных подпісаў, і яна накіравана ў суд Ленінскага раёна Гродна. Дзмітрый Салаш падкрэслівае, што асноўны аргумент у ёй зводзіцца да таго, што ў паўнамоцтвы старшыні Савета дэпутатаў першаснага ўзроўню не ўваходзіць ацэнка матываў, якія сталі падставай для ўзбуджэння пытання аб адклiканнi дэпутата, бо гэта з’яўляецца правам выбаршчыкаў і рэалізацыяй іх волі.

“Я з цікавасцю чакаю суда, бо суддзі вучыліся ў тых самых універсітэтах, што і я, і вывучалі мы адно і тое ж права. Не ўяўляю такога варыянта, каб скарга не была задаволена”, – зазначае юрыст.

Публікацыя — з № 74 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: