Фота https://www.google.by

І гэта яшчэ не ўсё…

Паводле пратаколаў, складзеных міліцыяй, шэсць жыхароў Скідзеля 6 верасня знаходзіліся ў цэнтры горада на несанкцыянаванай акцыі, у некаторых на плячах былі бел-чырвона-белыя сцягі.

Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які прысутнічаў на судзе, звярнуў увагу на неахайнасць скідзельскіх міліцыянераў, якія рыхтавалі дакументы ў суд.

Нікога з абвінавачаных не азнаёмілі з іх правамі, нікому не далі копію пратакола на рукі. Сведкамі ў суд прывезлі выпадковых людзей. “Адзін з іх увогуле інвалід 1-й групы і пасля інсульту мае вельмі кепскі зрок. Натуральна, ён нічога асабліва не мог бачыць на вуліцы і ўцямна не мог сведчыць на судзе”, – канстатуе праваабаронца.

Паказанні іншых сведак, лічыць Хільмановіч, таксама не пацвердзілі не толькі віну, але нават прысутнасць азначаных асоб на вуліцы Леніна 6 верасня.

Тым не менш, прагледзеўшы відэа, суддзя Дзмітрый Грышын вынес рашэнне: Андрэя Міхальчука, Аксану Апасановіч, Валерыя Кашава, Уладзіміра Іаскевіча, Васіля Будзько аштрафаваць на 22 базавыя велічыні (605 рублёў) кожнага, а Дзмітрыя Біліду – на 20 базавых (550 рублёў).

Але на гэтым пераслед жыхароў Скідзеля не скончыўся. Адразу ў судзе начальнік гарадскога аддзела міліцыі маёр Сяргей Базянкоў разам са сваім намеснікам маёрам Кісялёвым уручылі ім чарговыя позвы з выклікам у міліцыю.

Магчыма, лічыць праваабаронца, у дачыненні да іх распачаты новы адміністрацыйны працэс.

Чаму так жорстка абыходзяцца з жыхарамі невялічкага гарадка, якія не нанеслі ніякай шкоды ні гораду, ні яго жыхарам, а пастаялі з бел-чырвона-белымі сцягамі на плошчы ў цэнтры горада? Уладзімір Хільмановіч лічыць, што такім жорсткім чынам, з вялікімі штрафамі, скідзельская міліцыя імкнецца задушыць пратэстныя настроі ў маленькім гарадку.

Не задушаць!

Публікацыя — з № 74 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: