Фото с сайта МоиСтавки

Апошнімі днямі ў беларускім хакейным сямействе суцэльны кадравы ператрус. На гэтым тыдні нарэшце “засвяціўся” былы міністр унутраных спраў і кіраўнік Назіральнага савета хакейнага клуба “Дынама-Мінск” Ігар Шуневіч.

Калі Шуневіч быў на пасадзе міністра, яго прозвішча было ўвесь час на слыху. То ён у форме НКУС на публіцы з’явіцца, то прадстаўнікоў секс-меншасцяў “дзіравымі” назаве, то скульптуру гарадавога ля Міністэрства ўнутраных спраў ледзь не прыраўняе да святых. Праўда, у параўнанні з тым, што твораць сілавікі сёння, дзеянні міліцыі некалькі гадоў таму і заявы самога Шуневіча можна назваць дзіцячымі забавамі.

З чэрвеня мінулага года, калі Ігар Шуневіч пайшоў у адстаўку, пра яго не было практычна нічога чуваць. І вось зараз – новая пасада.

Справа ў тым, што былы генеральны дырэктар хакейнага “Дынама” Дзмітрый Баскаў стаў не толькі старшынёй Федэрацыі хакея Беларусі, але і ўзначаліў Назіральную раду хакейнага клуба “Дынама-Мінск”. А Шуневіча адправілі на месца Баскава.

Як адзначыў сталічны клуб, “прызначэнне Ігара Шуневіча ў сітуацыі, якая склалася, з’яўляецца найбольш лагічным крокам, паколькі менавіта пры ім была вызначана новая філасофія клуба, накіраваная на выхаванне новага пакалення лідараў “Дынама”.

Да слова, менавіта ў той час, калі Шуневіч был кіраўніком Назіральнай рады сталічнага клуба, сённяшняга трэнера “Зуброў” Крэйга Вудкрафта ледзь не са скандалам вытурылі з Беларусі.

“Перад Алімпіядай Крэйг Вудкрафт у чарговы раз заявіў, што яго звальненне з клуба стала для яго нечаканасцю, – распавядаў у той час генеральны дырэктар “Дынама” Анатоль Курылец. – Я афіцэр і кажу шчыра: Крэйг вёў перамовы са швейцарцамі ўжо са снежня, пачаўшы іх на Кубку Шпенглера. Гэта мы даведаліся пра яго двайныя гульні толькі ў маі.

Пры гэтым ён выставіў умовы новага кантракта – амаль у два разы больш, чым адразу. Далей настойваў на дзевяці легіянерах ў складзе. І тое, што ён зараз распавядае, які ён добры, – паверце, гэта далёка не так. Яшчэ адзін яскравы прыклад: ні Дуаер, ні Покавіч (былыя трэнеры “Дынама”) ніколі не папрасілі б аплаціць набыты ў трэнерскую падсвечнік коштам у 2 рублі. А Вудкрафт з такой просьбай прыходзіў”.

Сёння, канадцу, які праз два гады пасля адстаўкі зноў быў запрошаны на працу ў Мінск, відаць, ужо не ўзгадваюць падсвечнік за 2 рублі, тым больш што праца Крэйга Вудкрафта бачна ўсім – справы каманды пайшлі ўверх.

А вось кіраўніцтва, як бачым, тасуецца, ніяк яны не ўсядуцца. Праўда, як кажуць, ад перастаноўкі месцаў складнікаў сума не мяняецца. Даіць дзяржаўны бюджэт будуць і так, і гэтак.

Публікацыя — з № 74 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: