Дырэктар Інстытута сацыялогіі Генадзь Коршунаў звальняецца са сваёй пасады. У Фэйсбуку ён напісаў, што робіць гэта па пагадненні бакоў. Апошнім днём працы на пасадзе дырэктара Інстытута сацыялогіі для яго будзе 18 верасня.

Кандыдат навук Коршунаў адпрацаваў дырэктарам акадэмічнага інстытута два гады. Часова інстытутам будзе кіраваць Дзмітрый Бязнюк, перадае Еўрарадыё.

“Вельмі хочацца верыць, што мой сыход ніяк не адаб’ецца на працы маіх улюбёных акадэмічных сацыёлагаў. І што ўсе ідэі, планы, задумкі, якія мы стваралі разам, рэалізуюцца. Калегі, сябры, дзякуй усім, з кім мы працавалі разам”, — напісаў Коршунаў.

Дарэчы, на сваёй аватарцы ў Фэйсбуку навуковец паставіў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Пры Коршунаве Інстытут сацыялогіі праславіўся тым, што ўвесну 2020-га правёў сацыялагічнае даследаванне, якое паказала: узровень даверу Аляксандру Лукашэнку ў Мінску — толькі 24%. А Цэнтрвыбаркаму на чале з Лідзіяй Ярмошынай давяраюць і ўвогуле толькі 11,1% мінчукоў.

Поделиться: