Рэшткі касцёла ў Вялікай Бераставіцы

У гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобласці, дзе насельніцтва трохі больш за тры з паловай тысячы чалавек, актывісты штовечар з-за забароны праводзіць масавыя мерапрыемствы збіраюцца на стадыёне і гуляюць у футбол. Там яны абмяркоўваюць усе падзеі ў краіне, спяваюць песні перамен і такім чынам выказваюць пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў і насілля над мірнымі пратэстоўцамі. За імі ўвесь час наглядае міліцыя.

Раёну нібыта “намалявалі” 93%

Вялікая Бераставіца ўтульны раённы цэнтр каля самай польскай граніцы. У пасёлку днём ціха і амаль бязлюдна – ні заводаў, ні фабрык, толькі невялічкія прадпрыемствы мясцовай прамысловасці.

Гледзячы на гэтую цішыню нават цяжка ўявіць, што ў ліпені на плошчы стаялі чэргі народу, каб паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў.

“А пазней у нас былі шматлюдныя мітынгі і маршы. – распавядае мясцовы актывіст Сяргей Жданук. – Такое адчуванне было, што ўся Вялікая Бераставіца збіралася на плошчы”.

Людзей абурылі вынікі выбараў. Раёну, паводле суразмоўцы, “намалявалі” 93% за Лукашэнку. Але ў гэта ніхто не паверыў і людзі выйшлі на пратэсты. Сяргей кажа, што нават выніковых пратаколаў у Бераставіцы не вывешвалі на выбарчых участках.

Сяргей Шымель кажа, што ў Вялікай Бераставіцы дубінкамі іх не разганялі, паколькі большасць міліцыянераў мясцовыя людзі, некалі разам хадзілі ў школу, і ўсе яны тут жывуць, іх усе ведаюць. Хаця, пазней ён быў асуджаны на сем базавых велічынь за тое, што трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг.

Праўда, Жданук дадае, што глядзець на міліцыянераў было непрыемна.

“Хадзілі галовы паапускаўшы ўніз і загадвалі: разыходзьцеся, – згадвае мужчына. – Нават у вочы ніхто не глядзеў”.

Чаму людзі пайшлі на пікеты?

Сяргей Жданук кажа, што так жыць болей нельга. Людзі стаміліся ад падману, ад жабрацкага існавання і абяцанак “па пяцьсот”.

Другі Сяргей згадвае, што яго таксама здзівіла, калі столькі людзей пачалі прыходзіць на мітынгі.

“Ну ладна там я, кожныя выбары подпісы збіраю, лічуся штатным апазіцыянерам, але калі пачалі прыходзіць сотні людзей і казаць, што хопіць цярпець, усё гэта ўжо дастала, мяне гэта тады вельмі ўразіла”, – распавядае Шымель.

А Наталля Дарожка, якая працуе ў краме прадаўшчыцай, дадае, што людзі даўно хочуць пераменаў. У свае 35 гадоў яна першы раз пайшла галасаваць. Раней ніколі не цікавілася палітыкай і не хадзіла на выбары. Паводле яе, яна папросту не верыла, што праз выбары ў краіне могуць адбыцца перамены.

Святлана Ціханоўская дала нам усім надзею на перамены, бо мы ўжо не можам болей так жыць, – кажа Наталля. – Мы паверылі, што свабодна зможам выказваць свае думкі і меркаванні, і наступяць сапраўдныя змены”.

Пасля падзеяў 9–11 жніўня, калі былі збітыя мірныя пратэстоўцы ў Беларусі, Наталля вырашыла, што цяпер не адступіцца ад пратэстаў.

“Тое, што мы пабачылі, – не ведаю нават як гэта назваць, але я не магла спаць начамі, – кажа жанчына. – Я, як і мільёны людзей, патрабую, каб Лукашэнка сышоў, ён не мае права больш знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта”.

Ігар Дудко таксама кажа, што першы раз пайшоў на плошчу пратэставаць. Паводле яго, ён ніколі не галасаваў за Лукашэнку, разумеў, што і раней выбары фальсіфікавалі, але сёлета не вытрымаў.

“Такой нахабнай фальсіфікацыі, як сёлета, ніколі раней не было, – перакананы Ігар. – Яны нават нічым не прыкрываліся, плюнулі ў твар людзям. А потым яшчэ гэтае збіццё мірных пратэстоўцаў…”.

Чаму заціхлі пратэсты ў Вялікай Бераставіцы?

Сяргей Шымель распавядае, што ўсе мітынгі і маршы, якія адбываліся ў раённым цэнтры здымаліся на відэа. Людзей пачалі найперш апрацоўваць на працы. Маўляў, твая жонка альбо муж, ці сын або дачка працуе ў бюджэтнай арганізацыі, так што раім больш не хадзіць на акцыі пратэсту.

“Усё гэта спрацоўвала, – канстатуе Шымель. – Людзі добра разумеюць, калі іх звольняць з працы, то іншай яны тут не знойдуць і кожны думае, як утрымаць сям’ю, як гадаваць дзяцей…”.

Нават з іх групы, якая існуе ў Viber, многім давялося павыходзіць, бо начальства папярэдзіла і аб гэтым.

Віктар Белабалоцкі згадвае, што хадзіў вечарамі ў парк, дзе збіраліся людзі для пратэсту, але ўжо ў цэнтры горада міліцыя папярэджвала, што там нельга знаходзіцца. Маўляў, кантралявалі кожнага чалавека, каб людзі не сабраліся ў групу.

“Нават машыну ў цэнтры на плошчы нельга было паркаваць, – згадвае Віктар. – Тут жа падбягаў міліцыянер і загадваў з’язджаць”.

А Жданук дадае, што пратэсты адразу не заціхлі і нават працягваюцца да гэтай пары, праўда, змянілася іх форма. Пасля таго, як забаранілі збірацца на плошчы, людзі пачалі прыходзіць у парк, але і там увесь час хадзілі міліцыянеры і папярэджвалі, каб разыходзіліся.

“І тады мы пачалі збірацца на футбольным полі, нібыта гуляем, а на самой справе абмяркоўваем ўсе падзеі ў краіне, нават спявалі песні перамен, – распавядае Сяргей. – Але і тут за намі ўвесь час назірае міліцыя”.

Паводле яго, напачатку збіралася да 50 чалавек, а цяпер прыходзяць не больш за дзесяць, але ўсё роўна прыходзяць.

Народ пачаў раз’язджацца

Сяргей Шымель распавядае, што пасля падзей 9–11 жніўня многія нават з Вялікай Бераставіцы пачалі з’яжджаць у пошуках працы і новага месца жыхарства.

“А мне цяпер паўсюль адмаўляюць ва ўладкаванні на працу, – кажа Сяргей Жданук. – Я аўтаслесар і слесар бытавых газавых прыбораў. Мне абяцалі ў некалькіх месцах працу, але пасля таго, як заўважылі ў ліку валанцёраў каманды Ціханоўскай, усюды пачалі адмаўляць”.

Логіка такая, паводле мясцовага начальства, што, маўляў, калі ён ездзіць на пікеты, то грошы ў яго ёсць, – на працу не браць.

Для Вялікай Бераставіцы заробак у 500–600 рублёў ужо лічыцца нядрэнным, бо большасць атрымлівае яшчэ менш.

Наталля Дарожка працуе ў прыватнай краме, пакуль праблем не мела, але кажа, што нават звальненне з працы не зменіць яе перакананняў.

“Канешне, будзе вельмі складана, калі раптам звольняць, – кажа дзяўчына. – Але я ўжо падрыхтавалася да таго, што з’еду куды-небудзь нават у іншую краіну, цярпець гэтага больш не буду”.

А што далей?

Сяргей Шымель распавядае, што пасля пратэстаў і пасля таго, як ён хадзіў з бел-чырвона-белым сцягам, з ім перасталі вітацца суседзі з двух кватэр.

“Гэта сталыя людзі, якія ўсю інфармацыю чэрпаюць толькі з тэлевізара і пытаюцца: колькі вам заплацілі за гэта грошай, – спакойна кажа Сяргей. – Але ніхто ў Вялікай Бераставіцы мне, акрамя слоў падтрымкі, нічога іншага ні разу яшчэ не сказаў”.

Наталля Дарожка таксама распавядае, што ў яе доме сталыя пенсіянеркі не хочуць нічога слухаць пра перамены, але такіх адзінкі.

Разважаючы пра далейшую перспектыву, ўсе мае суразмоўцы ў Вялікай Бераставіцы чамусьці ўпэўненыя, што перамены ўсё ж наступяць і Лукашэнка вымушаны будзе адысці. Паводле іх, аб гэтым сведчаць несціхаемыя пратэсты ў сталіцы, якія рана ці позна скончацца перамогай.

У адваротным выпадку – усім давядзецца некуды з’язджаць.

“Нам тут не будзе жыцця і працы, – перакананы Сяргей Жданук. – Тым больш, што гэты чалавек вельмі помслівы, ён не перастане здзекавацца над народам”.

Поделиться: