У зале суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Фота аўтара.

Двое рабочых ААТ «Гомсельмаш» спрабуюць аднавіцца на працы праз суд.

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля адбыўся папярэдні разгляд іскаў двух рабочых да дырэкцыі ААТ «Гомсельмаш».

Малады электраманцёр Арцём Савіцкі і 47-гадовы токар 6-га разраду Валерый Крахмалаў не пагадзіліся са звальненнем з прадпрыемства па ініцыятыве наймальніка і праз суд спрабуюць аднавіцца на працы.

Звальненні без аглядкі*
Арцём Савіцкі. Фота аўтара.

Яны лічаць, што іх звольнілі за ўдзел у страйку, хоць у загадах указаны пункт 6 артыкула 42 Працоўнага кодэкса – за невыкананне без уважлівых прычын працоўных абавязкаў, маючы нязнятае (непагашанае) дысцыплінарнае спагнанне.

Пра гісторыю звальнення электраманцёра Савіцкага «Народная Воля» расказвала ў артыкуле «Што ты бегаеш па заводзе, страйкі ладзіш?!», змешчаным у № 68 за 28 жніўня. Коратка сітуацыя выглядала так. Арцём 14 жніўня выйшаў разам з іншымі рабочымі да прахадной, каб патрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызвалення ўсіх затрыманых за акцыі пратэсту супраць агучаных Цэнтрвыбаркамам вынікаў галасавання, а таксама пакарання віноўнікаў гвалту над мірнымі дэманстрантамі. Рабочых  перастрэла сяльмашаўскае начальства. Усіх вярнулі на працоўныя месцы. Да месца збору каля транспартнай прахадной дабраліся толькі лічаныя працаўнікі, у тым ліку і Савіцкі. У наступны працоўны дзень, 17 жніўня, цэхавае начальства моцна кантралявала Арцёма Савіцкага. Яму загадалі рамантаваць электрапераключальнік у невялікім службовым памяшканні майстра.

«Недзе каля дзесятай гадзіны я хацеў выйсці ў прыбіральню, але дзверы былі замкнёныя», – расказаў Арцём у судзе.

Ключа ў хлопца не было. Ён зняў на тэлефон і выклаў у інтэрнэт кароткае відэа пра сваю ізаляцыю. Гэта было расцэнена адміністрацыяй прадпрыемства як невыканнанне працоўных абавязкаў ды яшчэ з парушэннем унутрыаб’ектавага рэжыму, бо здымаць на тэрыторыі завода хоць што без спецыяльнага дазволу забаронена.

Прадстаўнік юрыдычнага ўпраўлення «Гомсельмаша» Іван Пархоменка, які па даверанасці прадстаўляў у судзе інтарэсы наймальніка, з іскамі рабочых на аднаўленне на працы не пагадзіўся. Тлумачыў, што, у прыватнасці, у Савіцкага ёсць непагашанае дысцыплінарнае спагнанне – заўвага за пераход сёлета ў ліпені чыгуначнага палатна ў неналежным месцы. Савіцкі быў здзіўлены спагнанню. Так, ён пісаў тлумачальную наконт недарэчнага пераходу чыгуначных рэек на тэрыторыі завода па-за межамі пераходу, але пра заўвагу нічога не ведаў. Заявіў у судзе, што пад распараджэннем на азнаямленне стаіць не яго подпіс. Да таго ж звольнілі Арцёма 21 жніўня, калі афіцыйна ён быў у адпачынку за свой кошт.

Электраманцёр Савіцкі і яго прадстаўнік у судзе, рэгіянальны прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка лічаць, што адміністрацыя «Гомсельмаша» адмыслова «накруціла» спагнанне, каб звольніць няўгоднага работніка.

Падобны канфлікт з наймальнікам, хоць і са сваімі адметнасцямі, і ў токара Валерыя
Крухмалава. Ён 17,18 і19 жніўся адмовіўся ад выканання зменных заданняў па рамонту абсталявання. У журнале запісаў: «У мяне забастоўка». Тры дні прыходзіў на працу, але нічога не рабіў.

Звальненні без аглядкі*
Валерый Крухмалаў з прадстаўніком, прававым інспектарам прафсаюза РЭП Леанідам Судаленкам. Фота аўтара.

«Мае патрабаванні – палітычныя, я падтрымаў забастоўку ў краіне», – сказаў у судзе токар Крухмалаў.

Суддзя Юліяна Файзуліна, якая разглядае абодва іскі сяльмашаўцаў, пацікавілася ў Крухмалава, адкуль ён даведаўся пра страйк, бо ў Беларусі ніхто яго не абвяшчаў.

«Я ў СМІ прачытаў інфармацыю аб тым, што прадпрыемствы страйкуюць. Таму вырашыў далучыцца», – адказаў токар.

Валерый Крухмалаў не аспрэчвае ў судзе невыканання працоўных заданняў у жніўні. Ён дамагаецца адмены вымовы за відэафіксацыю на свой мабільны тэлефон канфлікта на прахадной. У чэрвені, калі токар пасля змены выходзіў з завода, кантралёр Лазоўская, грэбуючы правіламі бяспекі падчас эпідэміі CAVID-19, корпалася ў яго тэчцы, не апрацаваўшы антысептыкам пальчаткі, прымушала выкладваць рэчы на стол, які таксама не быў прадэзінфікаваны пасля папярэдняга дагляду.

«Я вымушаны быў зняць усё гэта на відэа, каб даказаць, што правіла засцярогі ад каранавіруса на прахадной парушаюцца», – тлумачыў свой учынак звольнены рабочы.

Відэаздымкі ў сукупнасці з трохдзённым страйкам, паводле тлумачэнняў прадстаўніка «Гомсельмаша» Пархоменкі, і ўтвараюць сістэму невыканання працоўных абавязкаў. Адсюль і звальненне.

Асноўныя судовыя пасяджэнні па разглядзе іскаў рабочых да дырэкцыі ААТ «Гомсельмаш» прызначаны на бліжэйшыя дні. Суд абавязаў прадстаўніка прадпрыемства забяспечыць яўку шэрагу сведкаў, дадычных да канфліктаў на заводзе, а таксама запатрабаваў па згаданых справах дадатковыя дакументы.

***

Публікацыя — з № 73 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.