Фота https://www.skisport.ru

Вядомы беларускі лыжнік заклікаў дапамагчы тым, хто трапіў пад рэпрэсіі.

Славуты беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч — удзельнік сямі Алімпіяд! Трапіць на апошнія гульні ў паўднёвакарэйскі Пхёнчхан яму дапамагала літаральна ўся краіна.

Пасля таго як Федэрацыя лыжных гонак адлічыла спартсмена са зборнай, ён вырашыў рыхтавацца да Гульняў самастойна, а грошы на трэніроўкі (каля 15 тысяч долараў) сабраў праз краўдфандынг.

«Некалькі гадоў таму людзі дапамаглі мне і сабралі грошы на падрыхтоўку да Алімпіяды ў Паўночнай Карэі, — піша Сяргей зараз. — Тады я яшчэ раз пераканаўся, што ў гэтым наша сіла — менавіта разам мы можам многае.

Кожны з нас бачыць, што сумленныя людзі ў Беларусі губляюць працу ці неяк яшчэ пакутуюць з-за сваіх пераканняў. Асобны рэспект ратавальнікам на вадзе — мой бацька стаяў ля вытокаў Аршанскага таварыства ратавальнікаў на вадзе, ён падтрымаў бы іх дзеянні на Камсамольскім возеры. Бацька, дарэчы, быў узнагароджаны медалём за выратаванне тапельца.

Сумленных людзей усё роўна больш, я ведаю! Зараз я прапаную дапамагчы ім, як некалі дапамаглі мне. Ёсць праект «Хуткая узаемадапамога» — праз яго можна дапамагаць працай, навучаннем ці наўпрост грашыма, а не праз фонды. Добрым людзям прыйдзе ваша дапамога адразу ж, як вы яе адправіце».