Пратэстны марш у Гомелі. Фота аўтара.

Калі нехта думае, што гомельскія пратэстоўцы толькі і ўмеюць хадзіць па вуліцах ды хорам паўтараць «Саша, зыходзь!», то ён глыбока памыляецца. Яшчэ 17 жніўня, на трэці дзень пасля агучвання афіцыйных вынікаў выбараў, мясцовыя жанчыны праз збор подпісаў запрасілі кіраўнікоў горада і вобласці на мітынг, які праходзіў літаральна пад вокнамі аблвыканкама, каб дамовіцца наконт «круглага стала» з мэтай абмеркавання шляхоў выйсця з грамадска-палітычнага крызісу. Аднак ні старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей, ні старшыня гарвыканкама Пётр Кірычэнка, ні іхнія намеснікі нават вачэй не паказалі. Галасы выбаршчыкаў з падкантрольнымі камісіямі перакруціць здолелі, а на дыялог, бачыце, духу не хапіла. Ні з грамадой, ні з вылучанымі ёю членамі мясцовай Каардынацыйнай рады. Было б у краіне сапраўднае мясцовае кіраванне, мы ўжо назаўтра пабачылі, дзе апынуліся б такія чыноўнікі, што праігнаравалі сустрэчу з сотнямі гараджанаў.

Няма таксама ўпэўненасці, што тыя ж Салавей і Кірычэнка перадалі «наверх» інфармацыю аб прынятых на згаданым жнівеньскім мітынгу патрабаваннях. Найперш – прызнання несапраўднымі агучаных 14 жніўня вынікаў галасавання на выбарах прэзідэнта, прыцягнення да адказнасці ўдзельнікаў фальсіфікацый і неадкладнай адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі з прычыны страты даверу.

На плошчы правялі нават своеасаблівую верыфікацыю нядаўняга галасавання. У грамады запыталіся: хто галасаваў за Аляксандра Лукашэнку? Прысутнічала на плошчы каля тысячы гамяльчан, але ніхто не падняў руку. За Святлану Ціханоўскую і другіх альтэрнатыўных кандыдатаў паўстаў лес рук.

Два другія пункты патрабаванняў, прынятых на жнівеньскім мітынгу, тычыліся спынення ўсіх палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных спраў за выяўленне сваёй грамадзянскай пазіцыі, а таксама паўнавартаснага і празрыстага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту і катаванняў з боку сілавікоў.

З кім жанчыны адмаўляюцца жыць?

Асобны ліст гомельскія жанчыны прадрыхтавалі асабіста Генадзю Салаўю, Пятру Кірычэнку і абласному пракурору Віктару Марозаву. Яго зачытала Святлана Кароль. Жанчыны перакананы: кожны са згаданых чыноўнікаў «на сваім месцы можа спыніць хвалю беззаконня, палітычных рэпрэсій, гвалту».

Жанчыны адкрыта заяўлялі, што не жадаюць «жыць з уладаю, якая падманвае і здраджвае свайму народу», яны не хочуць «гаротнага лёсу для сваіх дзяцей», не могуць «губляць сваіх мужчын, якіх і без таго надзвычай мала».

Нежаданне чуць і бачыць тое, што адбываецца пад вокнамі, трэба думаць, тлумачыцца адным: чыноўнікам не было каманды слухаць сваіх грамадзян. Ну як жа іх слухаць: гэта ж «абкураныя», «майданутыя», «пацукі», «авечкі» выйшлі на вуліцы. Раней выходзілі «свядомыя», зараз – «майданутыя».

Што тых «абкурана-майданутых» у гарадах ужо многія тысячы, а ў сталіцы – сотні тысяч, заўважылі дзён праз дзесяць. Яны не правакатары, не б’юць жалеззем па шклу, як міліцэйскі начальнік Карпенкоў, а трымаюць у руках свой гістарычны сцяг, пад якім Аляксандр Лукашэнка ў 1994 годзе даваў прысягу на вернасць беларускаму народу, нясуць кветкі, надзіманыя балонікі, надзённыя плакаты.

Сельгастэхніка і кірмашы супраць пратэстоўцаў

Тысячы людзей на вуліцах у Гомелі чыноўнікі заўважылі, бадай, 21 жніўня, калі на плошчу Леніна, каб яна не дасталася пратэстоўцам, прыгналі як на дзіва камбайны, трактары, аўтобусы, пажарныя аўтамашыны і чамусьці нават асфальтаўкладчык Volvo, а меншыя пляцоўкі – заставілі трыногамі з дзіцячымі малюнкамі.

Пасля двух выхадных тэхніку з цэнтральнай плошчы прыбралі, а замест яе абавязалі аграпрадпрыемствы ўдзельнічаць у недарэчных для канца жніўня і пачатку верасня кірмашах сельгаспрадукцыі, ад правядзення якіх на плошчы Леніна ў апошнія гады наогул адмаўляліся. Цяпер жа гомельскія ўлады дзейнічаюць па прынцыпе: усё, што хочаце, абы толькі не дыялог.

Відавочна, што алгарытм такіх паводзін падтрымліваецца зверху, які ўрэшце рэшт агучыў нядаўна Аляксандр Лукашэнка: «Я не буду размаўляць з Каардынацыйнай радай апазіцыі, таму што я не ведаю хто гэтыя людзі». З аўтаматам да іх можна, з АМОНам, бронетэхнікай, са словам – ну ніяк нельга. Бо яны ж не стаяць навыцяжку моўчкі, нібы вады ў рот набраўшы, падобна прызначаным чыноўнікам.

Патрабавалі 430 гамяльчан атрымаць асабіста ад Генадзя Салаўя адказы на пытанні пра «ўзброеныя атрады невядомых асобаў у масках», якія арудавалі на вуліцах абласнога цэнтра цягам некалькіх дзён пасля выбараў. Хто загадваў ім весці сябе па бандыцкі агрэсіўна? У выніку пацярпелі дзесяткі, калі не сотні мірных грамадзян, што выйшлі пратэставаць супраць непразрыстага і несумленнага падліку галасоў.

Вядома, што ў першыя тры дні пасля выбараў у цэнтры Гомеля схоплены былі звыш
паўтысячы гараджан. Да многіх з іх прымяняліся катаванні, людзі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Загінуў пасля затрымання пры нявысветленых абставінах 25-гадовы жыхар горада Аляксандр Віхор.

«Глухая абарона» паразуменню не спрыяе

Адказ старшыні аблвыканкама на зварот мясцовых жыхароў пераслала «Народнай Волі» гамяльчанка Наталля Юшкіна.

«З грамадзянамі, змешчанымі ў ІЧУ ў перыяд з 9 па 13 жніўня за парушэнне артыкула 23.34 КаАП, праведзена прафілактычная работа. Па стану на 17 жніўня 2020 года згаданыя асобы былі вызваленыя», – паведамляў Салавей.

Хто загадваў і арудаваў групамі пад маскамі, збіваючы людзей, галоўны ў вобласці начальнік па прозвішчы Салавей не ўказаў. Як слушна заўважыў гомельскі палітык і каардынатар незалежнага назірання за галасаваннем Васіль Палякоў, які з моманту выбараў ужо двойчы пабываў за кратамі па прыхамаці служкаў рэжыму, адказныя чыноўнікікі ў рэгіёне сядзяць у «глухой абароне», хоць даўно трэба было пачынаць кантактаваць з грамадзянамі.

Дык ці варта здзіўляцца пратэстным маршам на вуліцах гарадоў, і Гомеля, у прыватнасці?

***

Публікацыя — з № 73 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.