Пётр Траццякоў. Фота https://vminsk.by

На мінулым тыдні каля ізалятара часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна можна было пабачыць пажылую жанчыну з засмучаным тварам. Разам з дзясяткамі тых, чые блізкія таксама апынуліся за высокай агароджай з калючым дротам, яна чакала хоць якой весткі пра сына. Жанчына – маці Пятра Траццякова, які ў ліку васьмі супрацоўнікаў выратавальнай станцыі “Камсамольскае возера” 6 верасня быў затрыманы сілавікамі.

За што? За тое, што выконваў свае службовыя абавязкі – ратаваў людзей, якія падчас чарговага хапуна на беразе возера ад безвыходнасці скочылі ў ваду. Яе тэмпература ў той дзень (прайшоў халодны дождж) складала ўсяго 15 градусаў. Людзі за лічаныя хвіліны маглі загінуць ад пераахалоджвання. І ратавальнікі Пётр Траццякоў, Сяргей Арцюшэўскі, Павел Лялевіч, Іван Юрскі і Мікалай Купрыенка кінуліся ім на дапамогу. Выцягнулі з вады, захуталі ў цёплыя пледы і на катары перавезлі на другі бераг.

Хто завязаў вочы і заткнуў вушы суддзі Петрашу?
Такія плакаты з’явіліся на “Камсамольскім возеры” 7 верасня.

У гэтых іх дзеяннях (толькі ў гэтых!), паводле слоў прэс-сакратаркі ГУУС Мінгарвыканкама Наталлі Ганусевіч, прысутнічалі прыкметы злачынства. Спадарыня, гэта што за кодэкс Хамурапі пачаў дзейнічаць у Беларусі, што выратаванне людзей ад немінучай смерці стала кваліфікавацца як злачынства? Вы хоць думайце, калі гаворыце!

Каб не стаць “злачынцамі”, выратавальнікі, па-вашаму, павінны былі што рабіць? Безуважна назіраць, як людзі ідуць на дно? Правесці апытанне, хто з іх любіць дзейную ўладу, а хто яе на дух не пераносіць? А можа, самім скокнуўшы ў ваду, стаць, сагнуўшы спіны, каб істоты ў чорных масках змаглі па іх дабегчы да сваіх ахвяр?

На думку тае ж Ганусевіч, выратавальнікі былі абавязаны, вылавіўшы ў возеры пратэстоўцаў, неадкладна перадаць іх у рукі афіцыйных прадстаўнікоў МУС.

Але тут узнікаюць пытанні. Па-першае, як выратавальнікі маглі даведацца, хто ў той сітуацыі законны прадстаўнік, а хто незаконны? Сілавікі апошнім часам не прадстаўляюцца і не прад’яўляюць службовых пасведчанняў (хоць рабіць гэта абавязаны, што называецца, пры любым надвор’і). Да таго ж у той дзень яны масава працавалі на вуліцах у цывільным адзенні. Балаклавы на тварах і дубінкі ў руках – па гэтых прыкметах выратавальнікі павінны былі вызначаць праваахоўнікаў?

Па-другое, вылаўленым у Камсамольскім возеры і пасінелым ад холаду людзям (у іх на лбе не было напісана, што яны менавіта пратэстоўцы) патрабавалася неадкладная дапамога, якую кваліфікавана маглі аказаць толькі выратавальнікі на сваім спецыялізаваным катары, а ніякім чынам не амапаўцы ў аўтазаках.

І па-трэцяе, ні ў якіх адміністрацыйных кодэксах не прапісана, на які бераг, правы ці левы, выратавальнік павінен везці чалавека. Ён павінен яго ратаваць!

Матарыст-рулявы выратавальнага катара Мікалай Купрыенка так і патлумачыў свае паводзіны на судзе: “Я ўбачыў, як тонуць людзі, у аднаго былі сінія вусны. Я глядзеў толькі на ваду і чуў толькі, як людзі крычалі: “Дапамажыце! Ратуйце!” Я выконваў свае службовыя абавязкі, я ратаваў людзей”.

Тое ж самае на судовым пасяджэнні заявіў і Сяргей Арцюшэўскі. У вадзе апынулася каля 30 чалавек, і ім усім пагражала смяротная небяспека. Па словах Сяргея, “двое цяжка дыхалі, у аднаго быў сутаргавы сіндром, ён захлынаўся, у яго былі пасінелыя вусны, збітае дыханне. Мы давезлі іх да выратавальнай станцыі, што на вуліцы Прагрэсіўнай, 29. З выратаваных толькі двое выйшлі самастойна, астатнім была патрэбна дапамога…”.

Суддзя Аляксандр Петраш задаў дзіўнаватае пытанне: “Што было бліжэй – бераг, адкуль людзі скакалі ў ваду, ці станцыя?”

Падсудны спакойна патлумачыў, што пры беразе “няма тэхнічнага пірса, людзі былі ў вадзе, іх маглі пакалечыць. Да таго ж на катары ніхто не мог чуць ніякіх указанняў праваахоўнікаў з берага, бо працаваў матор”.

Годна трымаўся і начальнік “Камсамольскага возера” Дзяніс Чашун, які ў той дзень не пакідаў станцыі. Выратавальнай службе ён аддаў дзесяць гадоў (з 29-ці пражытых) і на судзе быў гатовы да любога развіцця падзей: “Мы ўчора з хлопцамі былі настроены, што нас не выпусцяць, што адсядзім па 15 сутак – за справядлівасць! Бо мы ні ў чым не вінаваты! Мы да апошняга будзем змагацца за кожнага нашага супрацоўніка. Будзем усе судовыя рашэнні аспрэчваць, таму што гэта несправядліва”.

Начальнік станцыі прызнаўся, што за ўсе дзесяць гадоў яго працы выратавальнікам падобнае судзілішча ён назіраў упершыню. А найбольш ён перажывае, што васьмёра затрыманых для станцыі – гэта больш за 80% усіх супрацоўнікаў: “А купальны сезон для некаторых працягваецца, “маржы” лезуць у ваду, здараюцца суіцыды, усё што заўгодна можа адбыцца. Раптам спатрэбіцца наша дапамога – а мы на Акрэсціна, а нас па судах цягаюць”.

Супраць выратавальнікаў на судзе сведчыў (па скайпе) супрацоўнік Цэнтральнага РУУС Мінска Аляксандр Аляксандравіч Александровіч, які адмовіўся зняць маску і паказаць пасведчанне. Як аказалася, маскіраваўся ён нездарма – ніякага А.А.Александровіча ў штаце Цэнтральнага РУУС няма. Такім чынам проста ў судовай зале было ўстаноўлена, што мае месца ілжэсведчанне!

Аднак гэта не перашкодзіла суддзі Аляксандру Петрашу ўляпіць Мікалаю Купрыенку і Сяргею Арцюшэўскаму вялікія штрафы – 810 рублёў, а Паўлу Лялевічу – яшчэ большы: 945 рублёў (за “непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы”). Справы астатніх былі вернуты на дапрацоўку. Можна не сумнявацца, “сведка” А.А.Александровіч яшчэ нештачка “ўспомніць”…

Што ў Беларусі ў багіні правасуддзя Феміды вочы завязаны – гэта агульнавядома. Але хто завязаў вочы і заткнуў вушы суддзі Петрашу? Дарэчы, ён правёў ужо з дзясятак палітычных працэсаў і, кажуць, ні разу не апраўдаў падсуднага.

Восем выратавальнікаў (нават тыя, што не былі на катары) з Камсамольскага возера трапілі на Акрэсціна і правялі там трое сутак. Замест заслужаных медалёў “За выратаванне на вадзе” ўлада “ўзнагародзіла” іх камерай у ІЧУ і штрафамі. Дарэчы, ніхто з асуджаных віны не прызнаў. Верагодна, гэтымі днямі па гэтай справе адбудуцца новыя суды, будуць прысуджаны новыя штрафы. Магчыма, кагосьці з выратавальнікаў чакаюць звальненні.

Затое яны з годнасцю змогуць глядзець у вочы сваім дзецям і ўнукам. А ўдзячныя суайчынніцы ўжо зладзілі акцыю салідарнасці, прыйшоўшы на станцыю выратавання з кветкамі і плакатам “Дзякуй вам, мужчыны з сумленнем!”.

Засмучаная маці выратавальніка Траццякова дачакалася вызвалення сына. Можна толькі ўявіць як балела яе матчына сэрца пасля зняволення Пятра, пасля таго, што расказалі вызваленыя з таго “акрэсцінскага канцлагера”.

У маіх вушах працягваюць гучаць яе простыя і мудрыя словы: “Калі ратуюць, то глядзяць, каб чалавеку было цёпла і каб яму горш не стала. Мой сын апынуўся за кратамі, выратаваўшы людзей”.

Ведаеце, гэта ўжо нават не імітацыя правасуддзя. Гэта супрацьстаянне дабра і зла. І як важна для кожнага беларуса сёння не слугаваць злу, а стаць на бок дабра. Як гэта 6 верасня зрабілі выратавальнікі са станцыі “Камсамольскае возера”.

***

Публікацыя — з № 73 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.