Марына Драбышэўская

15 верасня каля свайго дома міліцыянеры затрымалі грамадскага актывіста, назіральніка на выбарах Алега Левянца. Яго даставілі ў Савецкі РАУС, дзе склалі адміністрацыйны пратакол паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП – за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі, якая праходзіла ў горадзе 6 верасня.

Гомель: журналістаў і актывістаў кідаюць за краты
Алег Левянец

Актывіст не адмаўляў свойго ўдзелу ў мірнай пратэстнай акцыі, бо Канстытуцыя гарантуе яму гэтае права.

Суддзя Савецкага раёна Аляксандр Мохараў на падставе міліцэйскага пратакола пакараў Левянца 8 суткамі арышту.

У Савецкі РАУС сёння быў выкліканы і рэгіянальны прадстаўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна”, сябра БНФ Анатоль Паплаўны. Міліцыянеры мелася забраць Анатоля яшчэ 11 верасня, аднак актывіст не пусціў іх у хату, патрабаваў дасылаць позву. І такую позву ён атрымаў.

Мне толькі што патэлефанавалі з Савецкага РАУСа і паведамілі, што супраць мужа склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і да суда адправілі ў ізалятар. Суд будзе заўтра, але ў колькі дакладна, прадстаўнік міліцыі не сказаў, – паведаміла жонка Паплаўнага Тамара.

У лік удзельнікаў несанкцыянаваных пратэстных акцый міліцыянты апошнім часам сталі запісваць і журналістаў. Відавочна, каб не асвятлялі пратэстных маршаў. Пяцісуткавы арышт адбывае зараз у гомельскім ІЧУ відэааператар Андрэй Толчын.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 15 верасня пакараў журналістку-фрылансера, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Марыну Драбышэўскую за ўдзел у недазволеным маршы пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 10 суткамі арышту. Мінулую ноч яна таксама правяла ў ізалятары. Дома ў яе засталася без нагляду маці-інвалід.

Марыну прэвентыўна затрымалі напярэдадні разам з сябрам БАЖ Яўгенам Меркісам супрацоўнікі Чыгуначнага РАУСа з удзелам дзяржаўтаінспектараў. “Паляванне” за імі вялося яшчэ ад мінулай пятніцы. Марына Драбышэўская асвятляла маршы пратэсту ў шэрагу СМІ, у прыватнасці, на папулярным мясцовым партале “Моцныя навіны”.

За кратамі другія суткі ўтрымліваецца і журналіст-фрылансер Яўген Меркіс, які таксама вёў стрымы з пратэстных маршаў. Разгляд адміністрацыйнай справы супраць Меркіса, паводле папярэдняй інфармацыі, мае адбыцца толькі 17 верасня ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля.

Чытайце тэрміновыя навіны на нашым тэлеграм-канале.