Арцём Савіцкі

Пасля  трохтыднёвага перапынку 15 верасня на працу ў цэх электрасетак і падстанцый ААТ “Гамсельмаш” вярнуўся малады электраманцёр Арцём Савіцкі. Дырэкцыя прадпрыемства, не чакаючы рашэння суда, аднавіла яго на працы, хоць звольніла без яго жадання 21 жніўня.

“Учора мяне выклікалі ў аддзел кадраў і далі азнаёміцца з загадам на аднаўленне на працы электраманцёрам 4 разраду. Другі пункт загаду датычны выплаты мне кампенсацыі за вымушаны прагул”, – распавёў малады спецыяліст.

Ён дадаў, што ўранку начальнік цэха Дзмітрый Язерскі загадаў майстру загрузіць яго працай, каб нікуды не мог адлучыцца.

Арцёма фактычна звольнілі за намер страйкаваць супраць беззаконня ў краіне і гвалту пасля выбараў, хоць у загадзе на звальненне ўказаны пункт 6 артыкула 42 Працоўнага кодэкса – за невыкананне без працоўных абавязкаў, маючы нязнятае (непагашанае) дысцыплінарнае спагнанне.

Гісторыю звальнення электраманцёра Савіцкага “Народная Воля” публікавала раней. Коратка сітуацыя выглядала так. Арцём 14 жніўня выйшаў разам з іншымі рабочымі да прахадной, каб патрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызвалення ўсіх затрыманых за акцыі пратэсту супраць агучаных Цэнтрвыбаркамам вынікаў галасавання, а таксама пакарання віноўнікаў гвалту над мірнымі дэманстрантамі. Рабочых перастрэла сяльмашаўскае начальства. Усіх вярнулі на працоўныя месцы. Да месца збору каля транспартнай прахадной дабраліся толькі лічаныя працаўнікі, у тым ліку і Савіцкі.

У наступны працоўны дзень, 17 жніўня, цэхавае начальства моцна кантралявала Арцёма Савіцкага. Яму загадалі рамантаваць электрапераключальнік у невялікім службовым памяшканні майстра. “Недзе каля дзесятай гадзіны я хацеў выйсці ў прыбіральню, але дзверы былі замкнёныя”, – расказаў Арцём у судзе Чыгуначнага раёна, куды звярнуўся з пазовам да дырэкцыі наконт аднаўлення на працы.

Ключа ў хлопца не было. Ён зняў на тэлефон і выклаў у інтэрнэт кароткае відэа пра сваю ізаляцыю. Гэта было расцэнена адміністрацыяй прадпрыемства як невыканнанне працоўных абавязкаў ды яшчэ з парушэннем унутрыаб’ектавага рэжыму, бо здымаць на тэрыторыі завода хоць што без спецыяльнага дазволу забаронена.

Прадстаўнік юрыдычнага ўпраўлення “Гамсельмаша” Іван Пархоменка, які па даверанасці прадстаўляў у судзе інтарэсы наймальніка, з пазовамі 22-гадовага рабочага на аднаўленне на працы не пагаджаўся. Тлумачыў, што ў Савіцкага і без таго ёсць непагашанае дысцыплінарнае спагнанне – вымова за пераход сёлета ў ліпені чыгуначнага палатна ў неналежным месцы. Арцём быў здзіўлены спагнанню. Так, ён пісаў тлумачальную наконт недарэчнага пераходу чыгуначных рэек на тэрыторыі завода па-за межамі пераходу, але пра вымову нічога не ведаў. Заявіў у судзе, што пад распараджэннем на азнаямленне стаіць не яго подпіс. Да таго ж звольнілі Арцёма 21 жніўня, калі афіцыйна ён быў у адпачынку за свой кошт. На гэтыя акалічнасці звяртаў увагу і рэгіянальны прававы інспектар незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, які прадстаўляе ў судзе інтарэсы электраманцёра Савіцкага.

Я не збіраюся доўга затрымлівацца на прадпрыемстве, хоць мяне і аднавілі на працы. Цэхавае начальства коса глядзіць на маё аднаўленне, нават не вітаецца. Вымовы мне не скасавалі, значыць, будуць пасвіць, каб наступным разам належным чынам аформіць звальненне, – зазначае Арцём.

Праз суд хоча аднавіцца на працыі токар 6 разраду Валерый Крухмалаў, які страйкаваў на прадпрыемстве 17, 18 і 19 жніўня. Яго таксама звольнілі за сістэматычнае невыкананне працоўных абавязкаў, што, на погляд рабочага, не адпавядае рэчаіснасці.