Максім Знак і Марыя Калеснікава

15 верасня адвакатка Людміла Казак падала хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу Марыі Калеснікавай. Абаронца лічыць, што ў публічных выступах Марыі не было заклікаў да захопу дзяржаўнай улады або ажыццяўлення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, піша Свабода.

Яна заявіла, што пераслед Марыі Калеснікавай матываваны палітычна. У абгрунтаванне адвакатка падала наступныя тэзы:

  1. Усе яе выступы, выказванні знаходзяцца ў вольным доступе ў сетцы Інтэрнэт. Іх аналіз дазваляе сцвярджаць аб адсутнасці заклікаў да здзяйсьненьня якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў. Наадварот, у кожным з сваіх выступаў яна падкрэслівае аб недапушчалнасьці гвалту, здзяйснення іншых супрацьпраўных дзеянняў.
  2. Усе яе выказванні знаходзяцца ў рамках гарантаванага кожнаму права на свабоду думак і ніякім чынам не парушаюць правы і свабоды іншых асоб, не робяць замах на нацыянальную бяспеку краіны, у сувязі з чым крымінальны пераслед за рэалізацыю фундаментальнага права на свабоднае выказванне сваёй думкі, прымяненне да яе меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту з’яўляецца нічым іншым, як прымусам да адмовы ад сваіх перакананняў, што забаронена Канстытуцыяй.

Адвакат Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі таксама падаў хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу.

Як лічыць Дзьмітры Лаеўскі, з боку Максіма Знака «адсутнічалі заклікі як такія, а выказванні і камэнтарыі Знака ў публічнай прасторы ніяк не былі накіраваныя супраць нацыянальнай бяспекі, ён не заклікаў да гвалтоўных дзеянняў, а наадварот, растлумачваў права».

Пры гэтым заявы Знака — гэта рэалізацыя фундамэнтальнага права на выказванне думкі, якое, тым больш, адбывалася ў рамках аказання прававой дапамогі давернікам — Віктару Бабарыку і Святлане Ціханоўскай, удзельнікам выбарчай кампаніі. «Таму крымінальны пераслед Знака — гэта пераслед адваката за ажыццяўленне прафэсійнай дзейнасці», — заявіў Лаеўскі, якога цытуе прэсавая служба Віктара Бабарыкі.