Андрэй Толчын

14 верасня суды пакаралі гомельскіх журналістаў-фрылансераў, сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), Ларысу Шчыракову і Андрэя Толчына. Напярэдадні выхадных іх затрымала міліцыя і адправіла ў ізалятар.

Як у Гомелі распраўляюцца з журналістамі
Ларыса Шчыракова

Шчыракову суддзя Гомельскага раёна Алена Малая аштрафавала на падставе двух міліцэйскіх пратаколаў на 675 рублёў. Яна прызнана вінаватай у незаконным стрыме пратэстнага марша на Facebook польскага спадарожнікавага тэлекаканала «Белсат», а таксама ва ўдзеле ў недазволеным пратэстным маршы гамяльчан 6 верасня, калі зноў-такі вяла стрым.

«Быў яшчэ і трэці пратакол, але суддзя вярнула яго назад у Цэнтральны РАУС. Тамтэйшыя міліцыянты вінавацілі мяне ва ўдзеле ў несанцыянаваным маршы, хоць Гомельскі РАУС ужо падаў у суд пратакол, што я на гэтым маршы незаконна вяла стрым для «Белсата», – распавяла Ларыса Шчыракова.

Суд над журналісткай-фрылансерам праходзіў на выездзе ў Гомельскім райаддзеле міліцыі, каб ніхто з калег і знаёмых не мог на ім прысутнічаць. У міліцыі Шчыракову судзілі ўжо другі раз. Паводле яе слоў, гэта ганебная практыка, бо судовае пасяджэнне схавана ад грамадскасці.

«Мала таго, што журналістаў беспадстаўна абвінавачваюць ва ўдзеле ў недазволеных маршах пратэсту, дык яшчэ і судзяць употай», – дадае Шчыракова.

На суд у міліцыю жанчыну прывезлі з ізалятара часовага ўтрымання, куды яе адправілі прэвентыўна ўвечары 11 верасня, нягледзячы на тое, што Шчыракова мае на выхаванні непаўнагадовага сына.

На знак пратэсту Шчыракова трымала ў ізалятары галадоўку ад пятніцы па сённяшні дзень, ажно пакуль яе не вызвалілі з-пад варты.

14 верасня Савецкі суд Гомеля пакараў 5-суткавым адміністрацыйным арыштам відэааператара Андрэя Толчына за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пра гэта сястры Толчына Наташы паведамілі ў канцылярыі суда.

Андрэя Толчына таксама затрымалі 11 верасня, калі ён толькі выйшаў з жонкай з пад’езда свайго дома. Толчын апошнім часам здымаў маршы як відэааператар разам з Ларысай Шчыраковай. Відавочна, што міліцыя запіхнула ў ізалятар абаіх, каб яны не маглі асвятляць чарговы марш пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, які прайшоў у горадзе 13 верасня.

Падвечар міліцыянты затрымалі і журналістаў-фрылансераў, таксама сяброў БАЖ, Яўгена Меркіса і Марыну Драбышэўскую. Яны таксама асвятлялі пратэстныя маршы гамяльчан. Пра затрыманне Драбышэўская паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook, удакладніўшы, што іх вязуць у Чыгуначны райаддзел міліцыі.

Поделиться: