Гамяльчане выйшлі на марш з плакатам у падтрымку гісторыка Яўгена Малікава

У Гомелі 14 верасня прайшлі суды над удзельнікамі дэманстрацый і пікетаў. У ліку пакараных апынуліся і выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў горада.

Суд Савецкага раёна пакараў арыштам на 3 сутак выкладчыка інфарматыкі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога Вадзіма Бельскага. Ён зладзіў 11 верасня адзіночны пікет каля навучальнай установы ў падтрымку шахцёра Юрыя Корзуна, які прыкаваў сябе кайданкамі ў салігорскай шахце на знак пратэсту супраць беззаконня і гвалту ў краіне. Выкладчыка затрымала міліцыя і прэвентыўна адправіла да суда ў ізалятар, а сёння яго пакаралі суткамі, якія ён ужо адбыў.

Падтрымаць Бельскага каля вну выйшлі студэнты, выкладчыкі і неабыякавыя гараджане. У іх ліку былі намеснік дэкана тэхнічнага ўніверсітэта Уладзімір Быстранкоў і выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, вядомы ў горадзе гісторык і краязнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў. Іх абодвух таксама змясцілі ў ІЧУ, а 14 верасня судзілі. Малікаў атрымаў 5 сутак арышту, а Быстранкоў – аштрафаваны на 270 рублёў.

У Гомелі выкладчыкаў вну, якія прадэманстравалі сваю грамадзянскую пазіцыю, адправілі пад суд
Яўген Малікаў (злева) у асяродку прыхільнікаў перамен

Паказальна, што на пратэстным маршы, які прайшоў у Гомелі 13 верасня, былі плакаты ў падтрымку Малікава. Да таго ж 14 верасня студэнты БелДУТа правялі пікет салідарнасці з выкладчыкам, які адбывае суткі ў ізалятары.

Поделиться: