Фото https://novychas.by

На сайце petitions.bу з’явіўся адпаведны зварот у Мінарвыканкам і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў.

Кіруючыся арт.20 Закона “Аб назвах геаграфічных аб’ектаў”, які вызначае, што прапановы аб прысваенні найменняў састаўным частках населеных пунктаў і іх перайменаванні могуць уносіць мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, мінчане вяртаюцца да ўладаў гораду Мінска з наступнымі просьбамі:

1. Ініцыяваць і ўнесці ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў прапанову аб перайменаванні вуліцы Калініна ў вуліцу Васіля Быкава.

2. Ініцыяваць і ўнесці ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў прапанову аб перайменаванні вуліцы Талбухіна ў вуліцу Уладзіміра Караткевіча.

Аўтары звароту зазначаюць, што Фёдар Талбухін і Міхаіл Калінін не маюць дачынення да Беларусі, хіба што апошні спрыяў узмацненню рэпрэсій у дачыненні да беларусаў.

Васіль Быкаў (1924 – 2003) – выбітны беларускі пісьменнік і грамадзкі дзеяч, удзельнік другой сусветнай вайны. Народны пісьменнік БССР (1980). Жыхар горада Мінска.

Уладзімір Караткевіч (1930 – 1884) – беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш вядомых і любімых чытачамі постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX ст. Жыхар горада Мінска. У 2020 годзе беларусы ва ўсім свеце святкуюць 90-годдзе пісьменніка.

«Палічым за гонар быць жыхарамі мінскіх вуліц Быкава і Караткевіча або суседзіць з імі», — пішуць аўтары петыцыі.

У якасці абгрунтавання новых назваў яны прапануюць наступныя аргументы :

– цяперашняя вуліца Калініна праходзіць каля Пушкінскіх казармаў, дзе ў 1941–43 гг. размяшчаўся лагер ваеннапалонных. У дварах на вуліцы Чарнышэўскага захаваліся два ДОТы. У свядомасці жыхароў Мінска гэтая частка гораду трывала звязаная з падзеямі Вялікай айчыннай вайны, пра якую пісаў Васіль Быкаў.

– Уладзімір Караткевіч змяніў у Мінску некалькі адрасоў, і пэўны час быў жыхаром вуліцы Чарнышэўскага у нашым раёне. Вуліца Талбухіна сёння – адна з цэнтральных алей горада, гэта цяністы ўтульны бульвар, на якім многія з нас любяць гуляць, ладзяць сустрэчы. Характар вуліцы вельмі пасуе рамантычнаму, жыццялюбнаму настрою твораў Караткевіча, на якіх выраслі сучасныя беларусы.

Зварот ужо падпісала больш за 100 чалавек, далучыцца да яго можна будзе яшчэ цягам 27 дзён, пасля чаго ён будзе адасланы ў адпаведныя дзяржаўныя органы.

Поделиться: