Другі месяц у Беларусі працягваюцца акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. На штонядзельныя акцыі пратэсту прыходзяць сотні тысяч чалавек.

На такіх мерапрыемствах, піша «Наша Ніва», не заўсёды хапае лідараў, якія здольныя весці людзей. Што ў гэты час робяць лідары партыйнай апазіцыі? Ці ўдзельнічаюць яны ў акцыях пратэсту і чаму пра іх так мала чуваць?

Рыгор Кастусёў, Партыя БНФ

Куды падзеліся лідары партыйнай апазіцыі?

«Ну чаму не чуваць? Я нядаўна інтэрв’ю «Еўрарадыё» даваў, вы, напэўна, прапусцілі. А яшчэ была заява 10 партый, у тым ліку праўладных, Партыя БНФ таксама там удзельнічала. Як кажа Ніна Багінская, я таксама гуляю, але не заўсёды ўжо сілаў хапае. Быў 9, 23, 30 жніўня. На апошняй не быў. Шчыра скажу, пакуль дайду да стэлы, то ўжо ногі стаптваюцца, з маладымі я тут не магу цягацца. Нам было важна, каб акцыі былі пазначаныя бел-чырвона-белымі сцягамі і Пагонямі, і мы бачым мора нашых сімвалаў — гэта ўжо перамога».

Віталь Рымашэўскі, БХД

Куды падзеліся лідары партыйнай апазіцыі?

«БХД цалкам падтрымала кампанію Ціханоўскай. Мы таксама падтрымалі Каардынацыйную раду, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова з’яўляецца сябрам прэзідыума Каардынацыйнай рады. Зараз не час для самапіяру, таму мы дзейнічаем у рэчышчы Каардынацыйнай рады. Вялікія пытанні ў нас выклікала супольная заява палітычных партый, куды запрасілі і фэйкавыя структуры. Цяпер самае важнае — гэта аднаўленне законнасці ў краіне. Асабіста я бяру ўдзел у групе падтрымкі рэгіёнаў у Каардынацыйнай радзе. Працы хапае, людзям патрэбна шмат дапамогі. На акцыі хаджу. На якія — не скажу, а то гэта яшчэ стане нагодай для адміністрацыйнай справы супраць мяне».

Мікалай Казлоў, АГП

Куды падзеліся лідары партыйнай апазіцыі?

«Канечне, удзельнічаю. 13 верасня таксама прайшоў ад пачатку да канца. Але ўдзельнічаю я як звычайны грамадзянін, а не лідар партыі. Цяпер такі час, што партыйныя сцягі трэба пакінуць у офісах. У нас адна задача — сыход Лукашэнкі. Што тычыцца заявы партый, то лічу гэта някепскім. Калі б «Белая Русь» і БРСМ заявілі, што выбары прайшлі несумленна, мы б гэтаму радаваліся. Так і тут трэба радавацца, што праўладныя партыі становяцца на наш бок».

***

Лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і старшыня БСДП «Грамада» Ігар Барысаў пастаянна ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту.

Фота Надзеі Бужан