Тадэвуш Кандрусевіч. Фота Віталія Палінеўскага

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якому 31 жніўня было забаронена вярнуцца на Радзіму, на мінулым тыдні атрымаў адказ на свой зварот па гэтым пытанні ў Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь.

У лісце за подпісам старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Беларусі А.Лапо пададзена наступная прычына дзеянняў пагранічнікаў, якія не дазволілі Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму ўехаць у Беларусь.

«Паведамляем, што Вы былі не прапушчаны праз дзяржаўную граніцу ў сувязі з прынятым органамі ўнутраных спраў рашэннем аб прызнанні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (пададзены нумар), які вам належыць, несапраўдным.

Па пытанні прыняцця рашэння аб прызнанні Вашага пашпарту несапраўдным Вы маеце права звярнуцца ў Міністэрства ўнутраных спраў».

Атрымаўшы адказ з дзяржпагранкамітэту, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца ў Міністэрства ўнутраных спраў для высвятлення сітуацыі і спадзяецца на магчымасць хутчэйшага вяртання на Радзіму.

Поделиться: