Уладзіслаў Кузнечык на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Мінску, 11 верасня.

Бацька і сын, 47-гадовы Віталь і 29-гадовы Ўладзіслаў Кузнечыкі з Віцебска, якія папрасілі палітычнага прытулку, пераначавалі ў памяшканні амбасады Швецыі, піша Свабода.

«Мы пераначавалі, нас тут кормяць, пакуль што ўсё добра, да нас добра ставяцца. Але што будзе далей — пакуль невядома, будзем спадзявацца на лепшае», — сказаў Віталь Кузнечык.

Амбасада ў суботу не працуе, уцекачы пераначавалі на яе тэрыторыі, пацвердзілі Свабодзе яе супрацоўнікі. Як будзе развівацца сітуацыя з просьбай уцекачоў аб прыстанішчы, стане вядома пазней.

З Кузнечыкамі пагутарылі шведскія дыпламаты, амбасадар пакуль знаходзіцца не ў Мінску. Таксама мужчыны звязваліся з прадстаўніцтвам ААН і праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

У прадстаўніцтве ААН сказалі, што пытанне павінна вырашаць шведская амбасада.

Віталь Кузнечык і ягоны сын, які займаецца бізнэсам у сферы гандлю, 11 верасня папрасілі палітычнага прытулку ў амбасадзе Швецыі ў Мінску, асцерагаючыся пераследу сілавікоў за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня ў Віцебску. Некалькі дзён яны хаваліся, ведаючы, што іх шукаюць сілавікі.

«Учора пасля 10-й мы прыйшлі да амбасады, пазванілі ў дамафон, нам не адчынілі і сказалі, што не даюць палітычнага прытулку. Але нам ужо не было куды падзецца і мы пераскочылі цераз плот у задні дворык. Мы ўключылі свае тэлефоны, калі ўжо апынуліся на тэрыторыі амбасады. Праз хвілін 10 амбасаду ўжо ачапілі амапаўцы, выйшаў кіроўца амбасады. Мы крыху схаваліся пад лесвіцу, а амапаўцы пагрозьліва крычалі: „Аддайце іх нам, яны знаходзяцца ў вышуку!“. Але нас ніхто не аддаў, чакаем вынікаў. Мы папрасілі амбасаду, каб нас не выпускалі, іначай нас будуць пераследаваць, невядома што прышыюць, і ёсць пагроза жыццю», — сказаў Віталь Кузнечык.

Паводле Віталя Кузнечыка, ён і ягоны сын забяспечаныя людзі. У сына двое дзяцей 7 і 4 гадоў. Таму яны рашыліся на такі крок не з эканамічных прычын.

Віталь кажа, што яны не згодныя з вынікамі выбараў і супраць цяперашніх улад у Беларусі, таму штонядзелю выходзілі на акцыі пратэсту. Спачатку ўсё было мірна, а 6 верасня пачаліся жорсткія затрыманні. Сілавікі выхоплівалі людзей з калоны, білі дубінкамі, закідвалі ў аўтазакі. Астатнім яны перакрылі дарогу, людзі былі заблакаваныя.

«Нехта выскачыў праз турнікеты, пачалі збягаць, мы з сынам таксама, пабеглі ў розныя бакі. Сына пачалі хапаць, ён вырваўся, мяне збілі з ног, пачалі біць прыблізна сямёра амапаўцаў, потым пырснулі газ у вочы, пасля чаго ўпаў зрок. Сын гэта ўбачыў і пабег у мой бок, і за ім пабеглі людзі. Ён скочыў у натоўп міліцыі і выхапіў мяне. У мяне ў руках былі парасон і газета, я не адбіваўся, ляжаў на зямлі. Сын мяне выхапіў, натоўп падбег, і міліцыя адступіла. Мы адышлі ў двары, людзі далі вады, каб прамыць вочы. Дадому мы пабаяліся ісці і хадзілі па знаёмых. Высветлілася, што нас шукае міліцыя».

Віталь кажа, што Швецыя самая гуманная краіна, таму яны вырашылі звярнуцца да яе па дапамогу.

«Шведскія ўлады абавязаны пачаць працэдуру разгляду»

Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta Наста Лойка сказала, што паводле Канвенцыі ААН аб статусе ўцекача чалавек можа звярнуцца да якіх-кольвек службоўцаў пэўнай дзяржавы.

«Амбасада Швецыі — гэта фактычна тэрыторыя Швецыі. Таму паводле працэдуры людзі могуць гэта рабіць, і цяпер усё залежыць ад унутраных працэдур, наколькі гэта прадугледжана нацыянальным шведскім заканадаўствам. У прынцыпе шанцы атрымаць прыстанішча ў гэтых грамадзян ёсць, і яны маюць права так рабіць».

Паводле Насты Лойкі, шведскія ўлады абавязаны пачаць працэдуру разгляду.

«Напрыклад, ім могуць даць гуманітарныя візы і папрасіць беларускі ўрад выпусціць іх на тэрыторыю Швецыі. Могуць быць іншыя варыянты, але іхны абавязак як мінімум пачаць працэдуру разгляду».

Поделиться: