Ларыса Шчыракова і Андрэй Толчын вядуць стрым з маршу ў Гомелі

11 верасня, наапярэдадні выхадных, гомельская міліцыя зладзіла паляванне на грамадскіх актывістаў і журналістаў.

Каля 14-й гадзіны на працы затрымалі супрацоўніка цэнтра гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Івана Шалыгіна. Ён браў удзел у шматтысячным маршы пратэсту, які прайшоў у абласным цэтры ў мінулую нядзелю.

Пра затрыманне яго жонка паведаміла праваабаронцу Леаніду Судаленку.

Раней каля свайго дама быў затрыманы Ілля Міронаў. У мікрараёне «Гамсельмаш» на вуліцы міліцыя схапіла таксама Сяргея Сцепанца.

Міліцыянерамі ў цывільным быў узяты ў аблогу дом, дзе жыве прадстаўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна”, сябра БНФ Анатоль Паплаўны. Пра гэта ён паведаміў у Facebook і неўзабаве перастаў выходзіць на сувязь.

“Ловіць” міліцыянеры ад ранку і актывіста Алега Левянца. Яны прыязджалі да яго дамоў пяць разоў. Ездзілі таксама да сястры Алега і да яго дзеда.

Апоўдні каля свайго дома сілавікі ў цывільным затрымалі відэааператара Андрэя Толчына. Як толькі мы выйшлі з Андрэем з пад’езда, каб ісці па гаспадарчых справах, нас перастрэлі двое ў цывільным. Прапанавалі ехаць у Савецкі РАУС. Андрэй патрабаваў тлумачэнняў, але не дачакаўся. Яму заявілі, што ўсе тлумачэнні будуць у аддзеле міліцыі. Неўзабаве падаспеў трэці міліцыянер, ён таксама быў не ў форме. Андрэя пасадзілі ў цывільны аўтамабіль і павезлі ў РАУС, – распавяла яго жонка Кацярына.

Пасля затрымання Кацярына тэлефанавала ў Савецкі РАУС. Там пацвердзілі, што Толчына сапраўды прывозілі ў аддзел, але зараз яго там няма. Праз дзве гадзіны жанчына знайшла мужа ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. Аднак дзяжурны адмовіўся паведаміць Кацярыне, затрымалі мужа прэвентыўна ці паспелі усё ж скласці пратакол і пакараць арыштам нібыта за ўдзел у маршах пратэсту. Толчын апошнім часам здымаў маршы як відэааператар разам з Ларысай Шчыраковай.

Журналістку-фрылансера Шчыракову таксама затрымалі 11 верасня. Яна паспела паведаміць, што даставілі яе ў РАУС Гомельскага раёна.

У ізалятары буду галадаць, калі што, — напісала журналістка на сваёй старонцы ў Facebook.

Міліцыя дзяжурыла таксама каля домоў, дзе жывуць журналісты-фрылансеры Яўген Меркіс і Марына Драбышэўская, якія таксама асвятлялі маршы пратэсту гамяльчан.

Мяне папярэдзілі добрыя людзі, што дадому прыходзіць нельга, бо прыязджала міліцыя. Яны так грукалі ў дзверы і ціснулі на кнопку хатняга званка, што спалілі яго. А ў мяне дома маці-інвалід, — абураецца Драбышэўская.

Паводле папярэдніх звестак, пятнічныя ловы міліцыянтаў скончыліся затрыманнем як найменей дзесяці гамяльчан.

Поделиться: