Сяргей Дылеўскі, архіўнае фота

Сяргей Дылеўскі, член прэзідыума Каардынацыйнай рады, кіраўнік стачкама МТЗ, які адным з першых далучыўся да агульнанацыянальнага страйку супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Ён, як і яго паплечнікі па Радзе Лілія Уласава, Марыя Калеснікава і Максім Знак, зараз за кратамі – адбывае пакаранне ў 15 сутак арышту нібыта за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Прапануем пераказ часткі размовы пра Сяргея Дылеўскага з Юрыем Стрыжаком, які тыдзень правёў у Жодзінскай турме ў адной камеры з ім, які апублікавала “Радыё Свабода”.

Вядома, што Следчы камітэт завёў крымінальную справу аб спробе захопу ўлады Каардынацыйнай радай. Менавіта ў межах гэтай справы, паводле Юрыя Стрыжака, следчыя спрабавалі дапытаць Сяргея Дылеўскага. Але, як ён мяркуе, нічога не атрымалася.

«Ведаю ад Сяргея, што яму прапанавалі адказаць на 20 пытанняў, якія ў асноўным тычыліся Каардынацыйнай рады. Хто і як у яе ўваходзіць, каму належаць адрасы для кантактаў Рады з людзьмі, якім чынам планавалася праводзіць перадачу ўлады ды іншыя. Але ён адмовіўся даваць паказаньні, допыту не атрымалася.

У камеры Дылеўскі казаў, што пра Раду няма чаго расказваць, бо фактычна і не пачыналі дзейнічаць. Але, са словаў Стрыжака, Сяргей лічыць, што ў думцы пераважнай большасці беларусаў уладу Лукашэнка ўжо страціў і перадаць уладу народу яму ўсё адно давядзецца, з дапамогай Каардынацыйнай рады ці неяк інакш», — кажа пра Сяргея Дылеўскага Юры Стрыжак.

Паводле Юрыя Стрыжака, у іхнай камеры Сяргей Дылеўскі быў аўтарытэтам не толькі таму, што вялікі ростам і дужы.

«Яго нават турэмшчыкі рэальна паважалі. Яму з усімі неяк удаецца гаварыць паважліва і адначасова цвёрда, што міжволі да яго прыслухоўваюцца. Гэта якасць сапраўднага лідэра. Бачна, што ён усведамляе, што людзі на яго арыентуюцца, бяруць з яго прыклад, і адпаведна сябе паводзіць.

Сукамэрнікі абмяркоўваюць з ім шмат тэм, хоць у некаторых яму яшчэ давядзецца разбірацца. Але ён валодае цудоўнай здольнасцю слухаць, прызнаваць, што нечага не ведае, і рабіць дакладныя высновы. У тым ліку размаўлялі з ім пра важнасць беларускай мовы, дык ён шчыра прызнаў, што, на жаль, мовай добра не валодае, але ў выніку пагадзіўся, што з ёй адбудзецца тое самае, што цяпер з бел-чырвона-белым сцягам. Як сцяг стаў сімвалам свабоды, гэтак і мова абавязкова вернецца, бо без яе не будзе незалежнасці. Мяркуе, што наперадзе яшчэ доўгае змаганне, але верыць у перамогу», — кажа Юры Стрыжак.

Сяргей Дылеўскі працуе на МТЗ тэрмістам. Ягоная праца ў тым, каб у агні апрацаваць дэталі, правесці іх загартоўку.

«Разумею гэтак, што праца ў яго цяжкая і шкодная, як у металурга. Расказваў, як пасля змены ў душы яшчэ шмат хвілін адмываецца ды адкашлівае тое, чым надыхаўся. Але ён такі моцны духам, жартуе, не журыцца. У яго двое малых дзяцей, сям’я жыве ў Заслаўі. Кажа, мае баявую жонку, за яе спакойны, тыл у яго добры», — распавядае Стрыжак.

Сам Юры мае статус падазраванага ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яго вызвалілі, бо адміністрацыйны тэрмін адбыў, а з выстаўленнем крымінальнага абвінавачаньня пакуль у следчых не атрымалася, хоць ён не выключае, што яшчэ выставяць.

Поделиться: