Фота https://www.racyja.com

Міністры замежных спраў Даніі, Ісландыі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Фінляндыі, Швецыі і Эстоніі выступілі з сумеснай заявай па выніках сваёй сустрэчы. Заява апублікаваная на сайце МЗС Швецыі. Гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў у Беларусі, пагрозы прымянення ваеннай сілы, пераслед журналістаў, пазбаўленне іх акрэдытацый, блакіроўка сайтаў і адключэнне інтэрнэту выклікаюць неспакой і павінны быць спыненыя, заявілі міністры.

Кіраўнікі МЗС таксама выказалі занепакоенасць з нагоды крымінальнай справы супраць Каардынацыйнай рады, а таксама запалохвання і затрыманняў членаў рады. Каардынацыйная рада, якая ўключае ў сябе прадстаўнікоў розных груп грамадства, можа стаць інструментам на шляху да нацыянальнага дыялогу, лічаць міністры.

Міністры замежных спраў краін Балтыі і Скандынавіі заклікаюць Лукашэнку і атачэнне супрацоўнічаць з АБСЕ і яе кіраўніцтвам, а таксама заклікаюць неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых і правесці поўнае і празрыстае расследаванне па фактах парушэнняў.

Поделиться: