Максім Сташулёнак

Максіма Сташулёнка звольнілі з МНС паводле артыкулу. Спярша яго ўгаворвалі звольніцца па пагадненні бакоў, але ратавальнік адмовіўся. Ён збіраецца праз суд абскарджваць сваё звальненне, перадае “Радыё Свабода”.

У Мінску ідзе барацьба за бел-чырвона-белыя сцягі, грамадзяне іх масава вывешваюць, а невядомыя здымаюць, час ад часу іх здымаюць супрацоўнікі МНС. Але не ўсе падтрымліваюць такія загады кіраўніцтва.

«Паведаміў у чат, дзе будуць здымаць сцягі»

8 верасня Максім заступіў на дзяжурства, пачуў на вуліцы размову пра тое, што зараз у два месцы Фрунзенскага раёну прыедуць здымаць бел-чырвона-белыя сцягі. Пра гэта Максім напісаў у чаце жыхароў Фрунзенскага раёну.

«Я заступіў на дзяжурства, як звычайна. Толькі выйшаў з адпачынку, пакуль са сцягамі не сутыкаўся, толькі чуў, што гэтым загадваюць займацца ратавальнікам. Я ад гэтага ўжо нерваваўся. Праходзіў поруч і пачуў размову двух чалавек. Яны пералічвалі адрасы, я запомніў два і напісаў у чат. Пасля я выдаліў паведамленне і напісаў проста адміністратару чату», — расказвае Максім.

Максіма выклікала на размову кіраўніцтва і папрасіла напісаць тлумачэнні, ад чаго ён адмовіўся і сказаў, што нічога не парушаў. Пасля гэтага Максіма выклікалі яшчэ раз і далі падпісаць загад аб звальненні. Кіраўніцтва вырашыла, што ён парушыў: прысягу, падпіску аб невыдаванні службовай інфармацыі і дзяржаўных тайн, а таксама два пункты кантракту.

«Людзі пачалі масава падтрымліваць»

«Я не лічу, што нешта парушыў, мне падабаецца мая праца. Напісаў, што азнаёміўся з загадам, але не згодны з ім. Мне не паказалі нейкай дакументацыі, нейкіх загадаў. Пры чым тут да парушэнняў размова нейкіх двух чалавек? Мяне адразу пачалі падтрымліваць людзі, пісаць. Я вельмі хваляваўся, як адрэагуе жонка, бо ў нас малое дзіця і чакаем другое, але яна ведала маю пазіцыю і падтрымала», — кажа Максім.

Ён кажа, што бясплатна знайшоў адваката і цяпер будзе абскарджваць сваё звальненне. І хоць спачатку Максіму казалі, што ён мусіць пакінуць інтэрнат цягам трох дзён, цяпер да аспрэчвання звальнення яго не высяляюць.

«Мне прыйшла вялікая падтрымка ад людзей, самае галоўнае пытанне — з жыллём — вырашанае, паступілі дзясяткі прапаноў з працай», — гаворыць Максім.

Поделиться: