Шахтера Юрия Корзуна приговорили к 15 суткам ареста
Юрий Корзун. Фото: svaboda.org

Раніцай 10 верасня машыніст камбайну 1-га рудаўпраўлення «Беларуськалія» Юры Корзун прыкаваў сябе да абсталявання на глыбіні 305 метраў і адмаўляўся падымацца на паверхню.

Ён заявіў, што будзе заставацца ў шахце да пачатку выканання яго патрабаванняў да ўладаў. У іх ліку — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі; пакаранне сілавікоў за збіванні, катаванні і выкраданні мірных грамадзян; спыненне запалохвання і звальнення працоўных, вызваленне затрыманых прадстаўнікоў страйкаму.

«Замовіў у інтэрнэт-краме міліцэйскія кайданкі і прыкаваў сябе да абсталявання»

Пасля безвыніковых перамоў у забой спусціліся горнаратавальнікі, разрэзалі кайданкі і прымусова вынеслі Юрыя Корзуна з шахты. На паверхні ўжо чакала машына хуткай дапамогі, рабочага адправілі ў прыёмны пакой Салігорскай цэнтральнай лякарні. Туды ж выправілася калона з некалькіх дзесяткаў салідарных шахцёраў. Пасля выхаду з медустановы Юрый расказаў “Свабодзе” пра свой адзіночны страйк пад зямлёй.

«Сёння я правёў акцыю пратэсту супраць гвалту і беззаконня, якія пануюць у нашай краіне — найперш з боку ўладаў супраць мірных людзей, — патлумачыў ён. — Я машыніст камбайна, пасля заканчэння змены проста не падняўся на паверхню. Каб неяк сябе ўтрымаць і не дазволіць вывесці, загадзя замовіў у інтэрнэт-краме міліцэйскія кайданкі, мне іх прыслалі, аказаліся дастаткова моцныя. Там быў 3-метровы ланцуг, і я сябе такім чынам прычапіў да абсталявання».

Калі ён быў ужо ў такім выглядзе, па адным пачалі прыбываць інжынерна-тэхнічныя работнікі рудніка, працягвае Юрый Корзун. Спрабавалі ўшчуваць, адгаворвалі ад неабдуманых учынкаў.

«Я ім сказаў, што давёў патрабаванні да ведама гендырэктара і, пакуль не пачнецца іх выкананне, застануся пад зямлёй. Тады перамоўнікаў стала яшчэ больш, чалавек 12. Урэшце прывялі людзей з бензарэзам. Сказалі, што не маю права знаходзіцца ў шахце, бо небяспечна быць аднаму ў далёкім забоі. Дастаткова груба, усім натоўпам адсунулі далей ад абсталявання і перарэзалі ланцуг. Фізычны супраціў быў бессэнсоўны», — удакладніў Юрый Корзун.

«Начальства запатрабавала заключэнне псіхіятра, але я абсалютна здаровы»

Сваю акцыю ён пачаў у 5:20 раніцы, а на паверхню яго прымусова паднялі каля 9-й гадзіны. Загад нейтралізаваць пратэстоўца паступіў хутка і быў выкананы неадкладна, кажа “Свабодзе” гарняк.

«Мне стала кепска — пачало балець сэрца, узняўся ціск. Відаць, моцна расхваляваўся, пакуль усё адбывалася. Таму мяне ўжо сустракала «хуткая», тут жа была і міліцыя, пачынаючы ад самага высокага начальства.

Кайданкі з мяне зняць ня здолелі, таму 3-метровы ланцуг цягнуўся следам. Усюды яго насіў, нават у «хуткай» на каталцы ляжаў з ім. Каб зняць, павезлі адразу не ў шпіталь, а да ратавальнікаў. Гідраўлічнымі нажніцамі перакусілі кайданкі, а пасля баўгаркай адрэзалі сам «бранзалет».

У лякарні пацыента абследавалі, зрабілі кардыяграму. Сказалі, што ўсё ў парадку, хіба крыху падвышаная тэмпература. Туды ж прыйшлі супрацоўнікі рудніка, падтрымалі, за што Юрый Корзун усім вельмі ўдзячны.

«Натуральна, увесь час побач было кіраўніцтва — і ў шпіталі, і калі мяне вярнулі назад. Прасачылі, каб я схадзіў у душавую і здаў спецадзенне, затым вывелі на прахадную. Цяпер мой пропуск заблакаваны. Хоць ніхто мяне не звальняў, няма ніякіх загадаў, але трапіць на тэрыторыю свайго прадпрыемства я ўжо не магу. Што гэта такое, я не ведаю. Але яшчэ ў лякарні патрабавалі заключэння псіхіятра. Балазе там сказалі, што я абсалютна здаровы», — адзначае Юрый Корзун.

На пытанне пра далейшыя планы адказаў, што ад 11 верасня далучаецца да страйку рабочых «Беларуськалія» і працягне адстойваць свае ранейшыя патрабаванні. А ці не асцерагаецца пераследу, пад які ўжо трапілі найбольш актыўныя завадатары страйкаму?

«Думаю, пераслед непазбежны, але чаго баяцца? Неўзабаве ўжо кожны беларус адседзіць свае суткі. Да таго ж я нічога не парушаў, каб мяне прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Згодны, што мела месца парушэнне працоўнай дысцыпліны. Але максімальнае пры гэтым пакаранне — пазбаўленне прэміі. Звольніць не маюць права. За страйк — так, цалкам магчыма. У такім выпадку будзем змагацца, падаваць у суд», — не траціць вытрымкі суразмоўца.

«Пра акцыю нікога не папярэджваў, бо паўсюль памочнікі сілавых структур»

Юрый Корзун нікога не папярэджваў пра акцыю, бо, паводле яго, паўсюль ёсць людзі, якія супрацоўнічаюць з сілавымі структурамі. У іншым выпадку яго ўжо з вечара проста не пусцілі б на працу. Не ведала нават жонка, дадае ён. Узяў кайданкі, якія набыў у інтэрнэт-краме, і паехаў. Адзінае, што з затрымкай часу публікацыі падрыхтаваў пост «УКантакце». Такім чынам, пра ягоныя планы даведаліся, калі ён ужо быў у забоі.

«Маёй мэтай было, каб рабочыя, інжынэрна-тэхнічныя работнікі зразумелі: у краіне трэба аднаўляць права, законнасць. Цяпер у нас прававы дэфолт, законы не працуюць. Гэта самае страшнае. Прачынаемся, ідзём на працу, і ніхто не ведае, што здарыцца, калі будзеш позна ўвечары вяртацца дадому. Хто заўгодна можа затрымаць, схапіць, арыштаваць невядома за што. Зноў жа, нашы дзеці. Маёй дачцэ хутка 15 гадоў, я чытаю, што па ўсёй краіне б’юць падлеткаў, дзесці яны нават знікаюць. Хацелася б, каб калегі таксама адрэагавалі, а ўлада пачула і вярнула прававое поле. І тады шляхам дыялогу будзе прынятае рашэнне на выхад з крызісу».

Раней адміністрацыя «Беларуськалія» пракаментавала сітуацыю з Юрыем Корзунам. Згодна з тлумачэннем, пасля заканчэння працоўнай змены ў 6:15 гарняк адмовіўся пакінуць працоўнае месца. А паколькі названыя дзеянні парушалі патрабаванні аховы працы, горнаратавальнікі вывелі работніка з шахты. Надзвычайнае здарэнне не паўплывала на вытворчы працэс, адзначыла кіраўніцтва прадпрыемства.

Поделиться: