Па выхадзе з жодзінскага СІЗА пасля сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім ягоны адвакат, Віктар Мацкевіч, расказаў «Нашай Ніве» пра апошнія навіны свайго падабароннага, які прызнаны палітычным вязнем.

«Сяргей ведае пра тое, што адбываецца ў краіне: ён атрымлівае шмат лістоў, у камеры ёсць тэлевізар, ён перамаўляецца з супрацоўнікамі ізалятара і работнікамі следства, атрымлівае прэсу і шмат лістоў, на ўсе імкнецца адказаць. Ён падтрымлівае ўсе дзеянні жонкі», — сказаў Мацкевіч.

«На жаль, ён не чуў тыя гучныя скандаванні «Вы-пу-скай» і іншыя, якія крычалі людзі падчас масавых акцый — ён быў у камеры з тоўстымі сценамі, але чулі іншыя, якія ўсё потым расказалі, ён усім за гэта вельмі дзякуе і верыць у беларускі народ», — дадаў Мацкевіч.

Мы таксама спыталі пра чуткі аб нейкім спрэчным «статусе» у СІЗА.

«Цяпер аб гэтых праблемах нічога невядома, у яго з сукамернікамі нармальныя адносіны. Так, яго пераводзяць перыядычна з камеры ў камеру, цяпер ён сядзіць у двухмясцовай камеры, усё нармальна. Фізічную сілу да яго ў час паслявыбарчых падзей не ўжывалі», — сказаў Мацкевіч і рэзюмаваў, што абарона робіць усё магчымае для яго вызвалення.

Поделиться: