Купалаўцы падаюць заявы на звальненне

Нацыянальны драматычны тэатр імя Янкі Купалы – на замку. Закрыты афіцыйным распараджэннем Міністэрства культуры да канца лістапада (хоць не вядома, як ён зможа распачаць працу на пачатку снежня). Не прадаюцца квіткі, здымаюцца афішы, згортваюцца мерапрыемствы, запланаваныя ў сувязі з юбілеем тэатра – 100-годдзем з дня заснавання. Такую цану заплацілі купалаўцы за сваю грамадзянскую пазіцыю – быць са сваімі гледачамі, быць са сваім народам, публічна выступіўшы за перамены ў краіне.

Украінскі тэатр імя Івана Франка ў Кіеве запрасіў выгнаных са свайго тэатральнага дома калег-пабрацімаў адзначыць юбілей у іх. Своечасовы і сапраўды брацкі жэст салідарнасці. Але не менш важная для купалаўцаў салідарнасць у сваёй краіне. “Народная Воля” выказвае любімым артыстам-купалаўцам сваю павагу і публікуе словы падтрымкі ад вядомых суайчыннікаў і тэатральных дзеячаў.

Сапраўды беларуская дзяржава такога не ўтварыла б

Трымайся, наш любімы Купалаўскі тэатр!*Тэатр пачынаецца не з вешалкі. Тэатр пачынаецца з асоб, з людзей, якія ў ім працуюць, – з акцёраў, рэжысёраў… Хіба можна сёння ўявіць наш Купалаўскі без Зоі Белахвосцік, Віктара Манаева, Рамана Падалякі, Паўла Харланчука… без Мікалая Пінігіна, без Паўла Латушкі, без… ды ці можна пералічыць усіх, хто нам дарагі, без каго Купалаўскі не Купалаўскі? Мы рыхтаваліся да 100-годдзя тэатра, мы чакалі вяртання “Тутэйшых” на сцэну, а што цяпер маем?.. Усе апошнія дні беларуская прастора цярпіць страту за стратай. Тэлебачанне, радыё, друк, універсітэты, інстытуты,
школы пакідаюць лепшыя з лепшых. Такога ўдару па нацыянальнай культуры я не прыпомню…

Але не час плакаць і скардзіцца на лёс. Прымаю і разумею выбар купалаўцаў. Не хачу звяртацца да дзяржавы, каб аднавіла “статус кво”, бо сёння няма ў нас беларускай дзяржавы, бо сапраўды беларуская дзяржава такога не ўтварыла б. На калені б упала, каб захаваць Нацыянальны тэатр №1 у год ягонага юбілею. Не толькі даравала б акцёрам іх “вальнадумства”, але і прыслухалася б да іх думкі. Як і да думак і мар тых мільёнаў беларусаў, якія па ўсёй краіне ідуць пад дубінкі АМАПа, каб “людзьмі звацца”, каб адстаяць сваё права будаваць новую, вольную, еўрапейскую Беларусь.

Барыс ПЯТРОВІЧ, старшыня
Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Хамская ўлада знішчае наш культавы тэатр

Трымайся, наш любімы Купалаўскі тэатр!*Даўным-даўно ў “Народнай Волі” я пісала пра беларусаў як пра спрадвеку добразычлівы, лагодны, працавіты і вельмі цярплівы народ. Прыходзіць хамская ўлада і бясконца выпрабоўвае наша цярпенне. 26 гадоў мы цярпелі і назіралі, як улада знішчае нашу мову, нашу гісторыю, нашу культуру. І вось цяпер знішчае наш культавы тэатр.

Мілыя, любімыя нашы купалаўцы! Я вельмі ўзрушана тым, як вы бароніце сваю і нашу годнасць! Шчыра кажучы, спачатку гэта было для мяне вельмі нечакана. Але цяпер, назіраючы такую актыўнасць беларусаў, я цвёрда ведаю: Беларусь будзе жыць! Купалаўскі тэатр – будзе! Народ не дапусціць, каб найлепшы Нацыянальны тэатр быў ліквідаваны.

Мінкульт прапануе купалаўцам… арандаваць у дзяржавы сваю ж сцэну і ставіць спектаклі. Лічу гэта поўнай бязглуздзіцай. Купалаўцы ў сваім Доме мусяць быць не арандатарамі, а гаспадарамі.

Ганаруся акцёрамі і рэжысёрамі, якія так дружна і прыгожа падтрымалі свайго дырэктара Паўла Латушку. Дзякуй Вам, дарагія, і – будзем разам!

Зінаіда БАНДАРЭНКА,
народная артыстка Беларусі.

Народны тэатр застаўся з народам

Трымайся, наш любімы Купалаўскі тэатр!*Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы – гэта наша нацыянальнае Эльдарада. І ніякімі замкáмі яго зачыніць немагчыма. Улада, відаць, не ведае выказвання Мікалая Гогаля, што “тэатр – гэта такая кафедра, з якой можна сказаць свету шмат дабра”. І купалаўцы сказалі – найперш свайму народу, што мы – беларусы, што мы хочам жыць ГОДНА. Мы не можам сцярпець, калі нас абражаюць, б’юць, хлусяць. Купалаўскі тэатр быў і застаецца з народам.

Гітлераўцы падчас Другой сусветнай вайны беларускі тэатр №1 не закрылі, ён у 1943 годзе прыязджаў у Слонім на гастролі. А сёння ў еўрапейскай незалежнай краіне знайшліся разумнікі, у якіх паднялася рука на Нацыянальны тэатр. Калі пачынаюць закрываць тэатры – гэта бяда. У нас іх і так няшмат. Лічу, што Міністэрства культуры павінна вярнуць Паўла Латушку і ўвесь калектыў у тэатр, правесці запланаваны 100 гадовы юбілей Купалаўскага і больш не дапускаць такіх дзікіх выбрыкаў.

Сяргей ЧЫГРЫН, загадчык
літчасткі Слонімскага
дзяржаўнага драмтэатра.

Купалаўскае гняздо раскіданае

Трымайся, наш любімы Купалаўскі тэатр!*Дзе, калі і якая ўлада знішчала свае нацыянальныя тэатры? Армянская ў Арменіі? Грузінская ў Грузіі? Ніякая, нідзе і ніколі. Толькі цяперашняя беларуская ў Беларусі. Чаму? Бо ад пачатку яна ўсталёўвалася не як беларуская ўлада, а як антынацыянальны рэжым, скіраваны на знішчэнне беларускай мовы (“бедная, на якой нельга выказаць нічога вялікага”), культуры і гісторыі. Дык вось Купалаўскі тэатр – гэта і мова, і культура, і гісторыя. Тры ў адным. І – адным ударам!

І ніхто з тых, хто пры ўладзе, хто мог бы за тэатр заступіцца, не заступіўся. Ні міністр тэатрал Макей, у якога жонка-акцёрка, ні дэпутат-тэатрал Давыдзька, які быў некалі дырэктарам тэатра. І з якой пыхай казаў ён пра сваё дырэктарства! Толькі і чулася: “Мой родны тэатр, мае найблізкія сябры, сяброўкі!..” І вось родны тэатр разгромлены, сябры з сяброўкамі выгнаны на вуліцу, а Давыдзька пяе асану галоўнаму пагромшчыку!

Пра адносіны рэжыму да тэатра сведчыць і гісторыя ягонай нядаўняй “рэстаўрацыі”. Чырвоная цэгла, з якой узведзены за народныя (не казённыя) грошы будынак тэатра (“архітэктурны шэдэўр, найпрыгажэйшы і найвытанчаны ў горадзе, – як пісалі пра яго тагачасныя газеты”), была заменена пры “рэстаўрацыі” на сілікатныя блокі. Гэта падробка. Фальш. Як і ўсё ў гэтым рэжыме: падробнае, фальшывае, не беларускае. Але падрабіць беларускі, перарабіць на сілікатны нацыянальны дух Купалаўскага тэатра не ўдалося! І грамадзянскі ўчынак купалаўцаў, іх супрацьстаянне сіле, якая спрабуе парушыць, знішчыць не толькі беларускі тэатр, але і саму Беларусь, увойдзе ў гісторыю тэатра, які носіць імя Купалы, старонкай не менш бліскучай, чым ягоныя найбліскучыя спектаклі.

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ,
паэт, лаўрэат Дзяржаўнай
прэміі імя Янкі Купалы.

Гонар і годнасць вышэй за прафесію

Трымайся, наш любімы Купалаўскі тэатр!*Сітуацыя ў Купалаўскім тэатры для мяне знаёмая, я сам перажыў падобную, калі Мінкультуры змагалася з “Вольнай сцэнай”, і перажыў якраз з акцёрамі, якія цяпер другім разам сышлі, але ўжо з Купалаўскага, – гэта Алег Гарбуз, Мікалай Кучыц.

Ні сям’і, ні захапленняў у мяне не было – толькі тэатр, толькі “Вольная сцэна”. Апынуўшыся па-за тэатрам, я думаў: усё, я такой катастрофы не перажыву! Перажыў, выжыў. У свеце шмат іншых прафесій, дзе патрэбна акцёрская сутнасць.

І купалаўцы выжывуць! Выжывуць і, самае галоўнае, пакінуць пасля сябе добры грунт для наступных тэатральных пакаленняў. Бо, на маю думку, сапраўдны Нацыянальны Купалаўскі тэатр пачаўся толькі з гэтага пакалення. Ранейшы Купалаўскі, вялікі і магутны, з выдатнымі акцёрамі, па сутнасці, не быў беларускім, ён не быў укаранёны ў беларускасць. Акцёры проста размаўлялі па-беларуску на сцэне. А ў жыцці, нават за кулісамі, пераходзілі на рускую мову.

А цяперашняе пакаленне не толькі прафесійна беларускае, яно беларускае па жыцці. І менавіта яно – гэта вельмі важна – палічыла, што гонар і годнасць вышэй за прафесію. Усё гэта і дае мне падставы лічыць сучасны Купалаўскі тэатр сапраўды народным беларускім тэатрам.

Мы ж павінны ведаць, што нацыянальных тэатраў у Беларусі, па сутнасці, толькі два – Купалаўскі і Коласаўскі ў Віцебску. І купалаўцы паказалі ўсім айчынным тэатрам, як трэба сябе паводзіць.

Валерый МАЗЫНСКІ, стваральнік і былы галоўны
рэжысёр тэатра “Вольная сцэна”.

Белорусский театр уже не будет прежним

Трымайся, наш любімы Купалаўскі тэатр!*19 августа в Национальный театр имени Янки Купалы вошли крепкие коротко стриженные мужчины в масках – сотрудники КГБ в штатском. Эти люди захватили театр, запретив кому бы то ни было входить в него. Актеров выгнали из гримерок, не дав даже забрать личные вещи…

Белорусские театры, почти все оставшиеся со времен СССР в государственной собственности, 26 лет официально стояли вне политики. Весь менеджмент там назначался Министерством культуры, а политическая активность сотрудников жестко каралась. Но теперь даже белорусский государственный театр очнулся ото сна.

Более 20 государственных театров записали открытые видеообращения от своих трупп с требованиями проведения новых честных выборов и осуждением насилия на улицах городов Беларуси. Актеры, режиссеры, художники, технические работники вышли на протест вместе с рабочими, студентами, бизнесменами и политиками.

Надо сказать, что отношение белорусского театра к диктатору Лукашенко никогда не было комплементарным. Да, многие молчали, но при этом сами спектакли были лучшим ударом по идеологическим догмам Александра Лукашенко. В самом Купаловском театре шли постановки Николая Пинигина: “Висельники” Макдонаха – в единственной европейской стране, где практикуется смертная казнь, были, что называется, к месту; “Ревизор” Гоголя – жесткая сатира на белорусский постсовок, “Пинская шляхта” Дунина-Марцинкевича, рассказывающая об уничтожении национального самосознания…

Беларусь уже не будет прежней. Белорусский театр уже не будет прежним. А значит, зрителей по всему миру ждут новые удивительные и вдохновляющие истории из Беларуси, новые пьесы и постановки.

Андрей КУРЕЙЧИК, драматург.

Гэта спроба паставіць на калені беларускую культуру

Трымайся, наш любімы Купалаўскі тэатр!*Няма дзяржавы, няма краіны, няма нацыі без сваёй культуры. Як казаў Максім Гарэцкі, тэатр – храм нацыянальнага адраджэння.

Звальненне акцёраў і супрацоўнікаў Купалаўскага – гэта не параза народа, не параза нацыі, гэта параза тых, хто не ўмее слухаць, не ўмее чуць.

Можна прымусіць маўчаць, але спыніць думкі – немагчыма.

Гэта спроба паставіць на калені Беларускую культуру.

Грамадзянскі ўчынак Купалаўцаў дэманструе годнасць беларускага народа і кажа, што гонар быць беларусам – найвялікшая каштоўнасць.

Купалаўцы не здрадзілі традыцыям, не здрадзілі сумленню.

Звяртаюся да ўсёй беларускай грамадскасці: давайце разам скажам на ўсю Беларусь, на ўвесь свет: мы – Купалаўцы! І мы абавязкова вернемся!

Павел ЛАТУШКА, былы
дырэктар Нацыянальнага
тэатра імя Янкі Купалы.

Мы просім: не губляйце нас з далягляду, будзьце побач

Трымайся, наш любімы Купалаўскі тэатр!*Гэта ўдар пад дых. Як быццам хтосьці блізкі памірае: ты разумееш, што гэта непазбежна, чакаеш, і табе здаецца, што ты падрыхтаваны, але калі здараецца – усё адно гэта ўдар, які трэба прыняць.

У мяне гэта быў сёмы тэатральны сезон, у кагосьці – шаснаццаты, трыццаты, саракавы. Цяпер спрэчныя пачуцці: адчуваеш сябе вольным, але воля гэтая трохі балючая.

Рэпертуару ў тэатры не засталося. Няма ніводнага спектакля, які можна было б сыграць, дзе быў бы для гэтага поўны склад. Болей таго, няма ніводнага рэжысёра, які займаўся б уводамі ў спектакль кагосьці іншага. Калі ўзяць у тэатр новых людзей, набраць рэжысёраў – гэта ўсё адно не месяц, не два, а добрыя паўгода падрыхтоўкі. Што будуць мець людзі? Толькі тэкст. Купалаўскі спектакль – гэта не тэкст, гэта сэнс.

Што будзе далей? Мы плануем жыць. Мы – сям’я, а сям’ю не пакідаюць.

Мая просьба: не губляйце нас з далягляду, будзьце побач.

Крысціна ДРОБЫШ, былая
актрыса Купалаўскага тэатра.

***

Публікацыя — з № 71 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: