Пашкоджанні ваеннай тэхнікай на дарозе ў мікрараён “Ласосна 4”. Фота аўтара

Усе, напэўна, памятаюць, што зусім нядаўна Гродна было “акружана войскамі НАТА”. Як Лукашэнка адказаў на “недружалюбныя крокі з боку варожага альянсу”? Спачатку перакінулі пад Гродна Віцебскую дэсантна-штурмавую брыгаду, а праз пару дзён у раён Гожскага палігона вывелі вайсковыя часці з абласнога цэнтра.

Напрыканцы жніўня вучэнні скончыліся, і вайскоўцы пачалі вяртацца ў свае падраздзяленні. Пра ахвяры і пра тое, як удалося напалохаць НАТА, не паведамляецца. А вось жыхары мікрараёна “Ласосна-4” у літаральным сэнсе адчулі гэта на сабе і распавялі, чым для іх і дарожнай інфраструктуры горада скончыліся гэтыя вучэнні.

Па недабудаванай дарозе

Усё пачалося ў ноч з 16 на 17 жніўня 2020 года. Калона ваеннай тэхнікі, у тым ліку і на гусенічным хаду, рухалася праз мікрараён “Ласосна 4” у бок палігона.

– Я абурана бязмежна! – распавядае мясцовая жыхарка Кацярына Ласко. – Мала таго, што дарогу яшчэ не дарабілі, дык вайскоўцы ператварылі яе ў няведама што. Нам увесь час казалі, што для заканчэння будаўніцтва дарогі грошай няма, а тут – усё пакрышылі. Хто за гэта адкажа і за чые грошы будуць рамантаваць?

Другая жанчына, Вольга Зубкова, распавядае, што пасля той страшнай ночы, калі дрыжэлі вокны ў кватэрах, пабачыўшы раніцай, што стала з дарогай, жыхары мікрараёна напісалі скаргу старшыні гарвыканкама і кіраўніцтву Заходняга аператыўнага камандавання. Адказу ніхто дагэтуль не даў.

– Мы прасілі іх некалькі разоў, каб яны не пускалі ваенную тэхніку праз наш мікрараён, – заўважае спадарыня Вольга. – Кожны раз, калі яна з’яўляецца, дарогу перакрываюць, і ні “хуткая”, ні пажарныя, ніхто з жыхароў не могуць дабрацца.

Паводле слоў маіх суразмоўцаў, ноччу з 3 на 4 верасня вайскоўцы, у тым ліку і на танках, ізноў вярталіся праз мікрараён “Ласосна-4” у месцы дыслакацыі.

Што пашкоджана?

Павел Зубкоў, які склаў спіс пашкоджанняў, кажа, што калі вайскоўцы праехалі па
недабудаванай дарозе першы раз, то на ёй з’явіліся заўважныя драпіны і выбоіны ад гусеніц.

Цяпер разбіты бардзюры, якія трэба мяняць, цалкам пашкоджана асфальтавае пакрыццё.

Разбіты пешаходны пераход, замены патрабуе плітка жоўтага колеру. Асфальтава бетоннае пакрыццё не проста падрапана, а пакрышана. На працягу ўсёй дарогі вакол люкаў вырваны кавалкі асфальту. Цяпер, паводле меркавання спадара Зубкова, калі тэрмінова не адрамантаваць ніжні слой асфальту, у выбоіны будзе
трапляць вада, і пакрыццё проста знішчыцца.

– Мы звярталіся да старшыні гарвыканкама, прасілі, каб гусенічную тэхніку вайскоўцы вывозілі на транспарцёрах, – гаворыць ён. – Але нам ніхто не патэлефанаваў і не паразмаўляў з намі.

Гродна пасля «акружэння НАТА»*
Фота аўтара
Гродна пасля «акружэння НАТА»*
Фота аўтара
Гродна пасля «акружэння НАТА»*
Фота аўтара

***

Публікацыя — з № 71 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: