МНСаўская падтрымка 5 верасня на матчы "Дынама-Мінск" супраць "Барыса". Фота: Еўрарадыё

5 верасня хакейны клуб “Дынама-Мінск” у авертайме выйграў у казахстанскага “Барыса” — 5:4. У чатах заўзятараў, якія праз пазіцыю кіраўніцтва “Дынама” абвясцілі камандзе бестэрміновую забастоўку, заўважылі: “Нас спрабуюць кімсьці замяніць”.

І сапраўды, ад іншых гледачоў на трыбунах прыкметна адрозніваліся маладыя людзі з кароткімі стрыжкамі, якія кампактна сядзяць у адным з сектараў. Усе як на падбор — у дынамаўскай форме.

— Гэта курсанты МНС, — расказвае “Еўрарадыё” Антон Рогач, прэс-сакратар ХК “Дынама-Мінск”. — Яны на розных спартыўных мерапрыемствах падтрымліваюць розныя клубы. Так, яны купілі білеты на матч з “Барысам” пятага верасня. Гэта была іх асабістая ініцыятыва.

— Іх асабістая ініцыятыва — гэта саміх курсантаў або іх навучальнай установы?

— Гэта лепш удакладніць у іх саміх. Але дакладна: гэта не ініцыятыва клуба.

Афіцыйны прадстаўнік Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі Андрэй Садоўскі ўсё ведае пра вольны час навучэнцаў. Курсанты, па яго словах, наведваюць спартыўныя мерапрыемствы не па разнарадцы.

— Я і сам у інтэрнэце чытаю пра тое, што “вось курсантамі МНС замянілі заўзятараў, якія бастуюць!”. Гэта сапраўды нашы курсанты, але гэта асабістая ініцыятыва хлопцаў. У нашым універсітэце актыўная ўвага аддаецца спорту: працуе маса секцый, у тым ліку і хакейная. Хлопцы наведваюць не толькі матчы “Дынама”, але і “Юнацтва”, ходзяць на “Калядны турнір”.

Што да “Дынама”, то нашы хлопцы ўваходзяць у спартыўнае таварыства “Дынама”, таму гэты клуб родны, яны сапраўды яго падтрымліваюць.

— Але вось па фота відаць, што вашы хлопцы выглядаюць неяк занадта арганізавана: у аднолькавым адзенні…

— Вы ж зразумейце, што мы людзі вайсковыя. Заўсёды арганізаваныя, разгільдзяйства быць не можа.

Асабістая ініцыятыва? Фанатаў ХК "Дынама-Мінск" замянілі курсанты МНС

Заўзятары “Дынама-Мінск” 16 жніўня апублікавалі публічны зварот да генеральнага дырэктара клуба Дзмітрыя Баскава і да Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь. У ім яны асудзілі “фальсіфікацыю выбараў, сілавое ўтрыманне ўлады, парушэнні Канстытуцыі і Крымінальнага кодэкса, гвалт у дачыненні да мірных людзей з боку сілавікоў”.

“Нам сорамна атаясамліваць сябе з грамадзянамі, якія падтрымліваюць бязмежжа сілавікоў і генацыд беларускага народа”, — гаворыцца ў звароце. Сябры фан-клуба ХК “Дынама-Мінск” абвясцілі бестэрміновы байкот дамашніх гульняў, адмаўляючыся ад арганізацыі дамашняга фан-сектара на іх і ад удзелу ў любога роду мерапрыемствах клуба і ФХРБ.

https://www.instagram.com/p/CD8goYJH0gi/?utm_source=ig_embed

Поделиться: