Прэзідыум Каардынацыйнага савета. Фота https://t.me/rada_vision

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Святлана Ціханоўская патрабуе вызваліць члена Каардынацыйнага савета Максіма Знака. Яна зрабіла адпаведную заяву.

Сёння, як стала вядома, да яго прыйшлі сілавікі. Цяпер з прэзідыума Каардынацыйнага савета ў Беларусі на волі застаецца толькі нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

У сваім звароце Ціханоўская таксама патрабуе вызвалення членаў Савета Марыі Калеснікавай і Сяргея Дылеўскага, а таксама гарантавання бяспечнага вяртання ў краіну Паўла Латушкі і Вольгі Кавальковай, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі.

“Лукашэнка баіцца перамоваў і спрабуе такім вобразам паралізаваць работу Каардынацыйнага савета, запужаць яго членаў. Але альтэрнатывы перамовам няма, і Лукашэнку прыйдзецца гэта прыняць”, – заяўляе яна.

Напярэдадні член Каардынацыйнага савета, былы дыпламат і кіраўнік Купалаўскага тэатра Павел Латушка таксама выступіў са зваротам.

«Спыніце барацьбу з мірнымі людзьмі, якія адстойваюць сваё права на праўду, справядлівасць, бяспеку. Змаганне са сваім жа народам абавязкова прыводзіць да паразы», – заклікае ён тых, хто яшчэ спрабуе выратаваць існуючы ў краіне рэжым.

Нагадваючы выкраданне невядомымі Марыі Калеснікавай, Латушка адзначае: “Сілавікі бачаць асабістую небяспеку ў членах Каардынацыйнага савета, не маючы ніякіх законных спосабаў уплыву”.

Ён прыгадвае, што новая рэальнасць такая, што ўлада змагаецца са сваім жа народам.

“Таму што Каардынацыйны савет — гэты мы ўсе. Мы, беларусы, якія цывілізаваным шляхам шукаем выйсце з палітычнага крызісу.

Я хачу нагадаць, што ў складзе Каардынацыйнага савета ўжо больш за 6 тысяч чалавек. Кожны з іх гатовы стаць на месцы тых, хто часова не мае магчымасці ў поўнай меры прымаць удзел у нашай працы.

Мы былі гатовыя да такога развіцця падзей, таму месца кожнага, хто выбыў, зойме 3 чалавекі з рэзерву.

Сучасныя тэхналогіі не абмяжоўваюць нас тэрытарыяльна. Дзе б мы не знаходзіліся, мы працягваем сваю справу. 24 гадзіны на суткі, 7 дзён на тыдзень. Нас высылаюць з краіны, але праз гэта мы робімся толькі мацнейшымі”, – заяўляе Латушка.

Адпаведная заява сёння з’явілася і ад Каардынацыйнага савета.

“Мы бачым, што ўлада замест таго, каб пачаць дыялог, працягвае дзейнічаць з дапамогай сілы, пагроз, запужвання і ціску”, – адзначаецца ў ёй.

Таксама там ёсць патрабаванне да ўлады неадкладна вызваліць членаў Каардынацыйнага савета Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Сяргея Дылеўскага, Лілію Уласаву, а таксама пацвердзіць магчымасць свабоднага вяртання ў Беларусь Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі, Святланы Ціханоўскай, Івана Краўцова і Антона Раднянкова.

Поделиться: