Таццяна Грыневіч. Фота https://budzma.by

Пасля нядаўняга жаночага Маршу міру і незалежнасці найбольшую папулярнасць на інфармацыйных сайтах набыў відэаролік, на якім жанчыны з кветкамі ў руках, ахінутыя бел-чырвона-белымі сцягамі, бясстрашна прарываюць чорную заслону разгубленых амапаўцаў. Уражвае, канешне ж. Але мяне не менш ўражваюць і іншыя формы пратэсту. Заходжу я, скажам, у гандлёвы цэнтр “Сталіца”, што пад плошчай Незалежнасці, а там – гучыць “Пагоня”. На ўсіх паверхах, і тысячы людзей падпяваюць. Спускаюся ў метро на “Купалаўскай”, а там – “Магутны Божа”: і на пероне, і ў вагонах. Беларуская песня стала ў шэрагі пратэстоўцаў. Спявачка Таццяна ГРЫНЕВІЧ расказала, чаму неабходна заахвочваць вулічныя спевы.

– Таццяна, ты прафесійная спявачка, доўгі час працавала ў Дзяржаўным камерным хоры Беларусі, шмат канцэртавала, маеш уласныя песенныя альбомы. Што змусіла цябе выйсці з песнямі на плошчу Незалежнасці?

– За апошнія тыдні мы адчулі столькі болю, чытаючы навіны пра забойствы, затрыманні, збіццё і катаванні мірных пратэстоўцаў, – слёзы ў горле стаяць. Аднолькавы стан у соцень тысяч людзей: абурэнне, адчай, роспач. І я зразумела, што трэба неяк дапамагчы людзям узняцца духам. Беларусам патрэбна песня, душы людскія ратуюць супольныя спевы. І мы пачалі спяваць – на плошчы Незалежнасці, на ганку Белдзяржфілармоніі, у метро – дзе толькі можна. Песня не толькі дух падымае, яна і страху пазбаўляе, таму неабходна, каб людзі спявалі. І яны спяваюць – “Купалінку”, “Магутны Божа”, “Пагоню”, “Тры чарапахі”, “Разбуры турмы муры”. Гэта самыя папулярныя сёння вулічныя песні.

– У залах раней ты выступала з гітарай. Чаму тут вырашыла змяніць інструмент?

– Маладых людзей з гітарамі я часта бачу на плошчы Незалежнасці, таму звычайна прыходжу са скрыпкай. Часам проста задасі тон – і пайшло-паехала, людзі падхапілі… Спяваеш “Мой родны кут, як ты мне мілы, / забыць цябе не маю сілы” – а на людскіх вачах блішчаць слёзы… Нашы нервы сёння напятыя, як струны. Вечарамі, начамі мы, жанчыны, сядзім па хатах і плачам, бо ўсё гэта цяжка вытрымаць. А днём на плошчы песня выклікае зусім іншыя слёзы, пасля іх неяк дужэй пачуваешся.

– Сілавікі кожны дзень затрымліваюць пратэстоўцаў, то тут, то там адбываюцца хапуны. Не страшна ў такой атмасферы спяваць?

– Прызнацца, мне вельмі страшна. Бо ўжо адклалася ў свядомасці: людзі ў чорнай уніформе з надпісам “ОМОН” на спіне і з маскамі на тварах – гэта небяспека, гэта зверствы і катаванні. Ты разумееш, што цябе рэальна могуць забіць ці скалечыць. Ну, так яны сябе зарэкамендавалі…

– Як ставяцца твае родныя да такой небяспечнай канцэртнай дзейнасці?

– Бацькі перажываюць, вядома ж. Браты з Пецярбурга тэлефануюць. Усе не кладуцца спаць, пакуль я вечарам не дабяруся дадому. Што тут зробіш… І я свайму сыну казала на шэсці не хадзіць, і мае бацькі пра тое ж просяць. Але як тут уседзіш у хаце?!

– Мы сёння сустрэліся з табой каля Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, ад якога застаўся толькі будынак. Ведаю, што ты часта наведвала спектаклі ў Купалаўскім. Як перажываеш тое, што адбылося з тэатрам?

– Гэта проста дзікунства нейкае – разагнаць і закрыць Нацыянальны тэатр, прычым напярэдадні яго 100-гадовага юбілею! Нідзе ў свеце, нават там, дзе кіруюць ваенныя хунты, такога не было. Таму мы некалькі разоў збіраліся і спявалі каля Купалаўскага, каб падтрымаць акцёраў. Але міліцыя пачала сачыць, папярэджваць пра “незаконнасць мерапрыемства”, таму давялося згарнуць нашы выступленні. Гэта ў галаве не ўкладваецца – 60 чалавек адразу звольніць! А дзе новых акцёраў набраць? Іх жа з Расіі не завязеш, як прапагандыстаў на БТ.

– Але няма ліха без дабра. Ты паглядзі, якімі неверагодна папулярнымі сталі бел- чырвона-белыя сцягі, як загучала наша мова!

– Гэта не можа не радаваць. Я ўчора апынулася ў кампаніі дзевятнаццацігадовых равеснікаў майго сына. Ведаеш, пра што яны гавораць? Калі сюды прыйдуць акупанты, то моладзь збіраецца перайсці на беларускую мову. Бо мова – гэта найлепшы маркер, каб пазнаваць сваіх. У сённяшняй Беларусі дзевятнаццацігадовыя юнакі думаюць так.

– З самых розных дзяржустаноў працягваюць звальняцца людзі, хто па сваёй ахвоце, хто пад ціскам. Ты з Белдзяржфілармоніі сышла яшчэ гады тры таму. Чаму?

– Мяне прымусілі сысці. Тады я перажывала, а сёння ўжо тым, хто мяне адтуль выжыў, прабачыла і нават дзякуй скажу! Памятаю, як 10 гадоў таму пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі таксама быў хапун на плошчы Незалежнасці, я адна ў Камерным хоры ледзь магла спяваць. Прыйшла на працу пасля той страшнай ночы, а вочы на мокрым месцы. Развучваем песню “Трэба дома бываць часцей”, а я плачу… Калегі пытаюцца: “Што здарылася? 700 чалавек схапілі на плошчы? Дык яны самі нарываліся…” Такія размовы былі. І сёння, праз 10 гадоў, я проста шчаслівая, што мае былыя ўжо калегі выйшлі на ганак філармоніі з плакатамі “У нас забралі голас!”, “Мы супраць гвалту!”.

– Камерны хор філармоніі, калі не памыляюся, раней спяваў і на інаўгурацыі прэзідэнта?

– Так, мы выступалі на розных дзяржаўных мерапрыемствах, у тым ліку даводзілася працаваць і на інаўгурацыях. Памятаю, як мне было сорамна, стаяла з чырвоным тварам… Мне сёння шкада былых калег – з плакатамі выходзілі, а скажуць – і прыйдзецца зноў там выступаць. Проста вымушаны будуць. Не пайсці – значыць згубіць працу. А стаць беспрацоўным не кожны сёння гатовы. Хоць заробкі ў хоры зусім маленькія – 300–400 рублёў. Што ж, кожны павінен будзе зрабіць свой выбар, наколькі ў каго хопіць сіл.

– Краем вока я бачыў рэпартаж па БТ з плошчы Незалежнасці, у якім і нацыянальны сцяг, і згаданая табой песня “Магутны Божа” былі названы калабаранцкімі, маўляў, яны заплямлены ў гады Другой сусветнай вайны. А людзі, якія вас слухаюць, падобных прэтэнзій не выстаўляюць?

– Ні разу! “Магутны Божа” і ў праваслаўных, і ў каталіцкіх храмах здаўна спяваецца. Гэта рэлігійны міжканфесійны гімн Беларусі, напісаны на словы Наталлі Арсенневай. Яна калабарантка? А пакажыце мне канкрэтныя калабаранцкія тэксты, пад якімі стаіць яе імя. Іх няма. З другога боку, за што Арсеннева павінна была любіць савецкую ўладу? За казахстанскую ссылку, адкуль яе ледзьве ўдалося выратаваць? Хіба паэтка мусіла ісці ў партызанскі лес, дзе яе, учарашняга “ворага народа”, мог прыстрэліць які-небудзь засланы з усходу камісар? Неяк я ў “Народнай Волі” чытала, што пасляваенны прэзідэнт Францыі генерал Дэ Голь выказваў падзяку тым настаўнікам, якія пры немцах вучылі дзяцей на французскай мове. Вінавацяць Арсенневу ў супрацоўніцтве з фашыстамі сённяшнія, узмоцненыя кадрамі з Масквы, прапагандысты. Але мы, беларусы, не павінны шукаць ворагаў там, дзе іх ніколі не было.

– Твае вулічныя выступленні пачаліся адразу пасля выбараў. А як праходзіла галасаванне на тым участку, дзе ты жывеш?

– Мой участак №98 знаходзіўся ў Мінску, у Прылуках, у Інстытуце аховы раслін. 9 жніўня мы пайшлі з сынам на галасаванне, апрануўшы белыя строі. Прыйшлі і проста дзіву даліся, колькі там людзей таксама ў белым, з белымі стужачкамі. Прагаласавалі і пайшлі дахаты. А ўвечары я вярнулася глянуць, якія вынікі. І гітару з сабой прыхапіла. Было зноў шматлюдна. Пакуль лічылі галасы, мы каля інстытута спявалі разам з людзьмі.

– Ужо звыклая карціна: дзе ты – там і песня.

– Дык гэта ж здорава, што людзі заспявалі! Потым старшыня камісіі выйшаў абвясціць вынікі – яго адразу сустрэлі апладысментамі. А калі прагучалі лічбы, то радасці людзей не было канца. За Святлану Ціханоўскую прагаласавалі 1052 чалавекі, за Лукашэнку – 553. Перавага нашага кандыдата была відавочнай – амаль удвая. Усцешаныя людзі са словамі падзякі пасадзілі старшыню камісіі ў бусік, і ён спакойна паехаў. Думаю, на большасці ўчасткаў адбылося прыблізна тое самае. Але Цэнтрвыбаркам усё “пералічыў” па-свойму. Наступствы тых “перападлікаў” мы назіраем на вуліцах ужо больш за тры тыдні.

***

Публікацыя — з № 71 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: