Арцемій, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі. Фота https://orthos.org

На сайце “Рускай народнай лініі” ад імя праваслаўнага Брацтва св. Уладзіміра за подпісам нібыта яго кіраўніка Андрэя Лабаноўскага была змешчана заява з просьбай да свяцейшага патрыярха Кірыла зняць з Гродзенскай кафедры архіепіскапа Арцемія.

Адбылося выкананне нацыяналістычнага гімна “Магутны Божа”…

Заява з’явілася пасля таго, як 14 жніўня архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій выступіў са зваротам да кліру і паствы Гродзенскай епархіі, які  апублікаваны на яе сайце.

У заяве гаворыцца, што сярод духавенства Гродзенскай епархіі назіраецца распаўсюджванне нацыяналістычных ідэй, заснаваных на русафобіі.

Як прыклад гэтаму – у епархіі адбылося выкананне нацыяналістычнага гімна “Магутны Божа”, падтрымліваюцца пратэсты ў Беларусі, прапаведуецца ідэалогія “змагарства”, адбываецца насаджэнне богаслужэнняў на беларускай мове, здзяйсняюцца супольныя малітвы з каталікамі і пратэстантамі.

Акрамя гэтага, гаворыцца ў заяве, у Гродзенскай епархіі адбываецца выцясненне актыўных прарасійскіх святароў, знішчэнне патрыятычнага накірунку, ігнараванне казацтва.

І ўсё гэта, маўляў, адбываецца з ініцыятывы кіраўніцтва Гродзенскай епархіі і асабіста архіепіскапа Арцемія.

“А нам што рабіць?”, – задаюцца пытаннем падпісанты.

“Любоў і мір дапамогуць нам вярнуць і Праўду”

Архіепіскап Арцемій, прамаўляючы 14 жніўня ў Свята-Пакроўскім саборы Гродна, зазначыў, што мы ўсе зараз перажываем складаны перыяд нашай гісторыі. Тыя падзеі, што адбываюцца зараз у Беларусі здарыліся, паводле архіепіскапа, таму, што нельга гуляць з Праўдай: “Калі Праўда бярэцца ў двухкоссе і лёгкім рухам рукі ператвараецца ў хлусню, то папіраецца той, – хто бацька Праўды”.

Архіепіскап зазначыў, што кроў ахвяр і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні – на сумленні тых, хто свядома сам забіваў, альбо прымушаў іншых забіваць Праўду.

А таму цяпер, зазначае ён, нам усім давядзецца пераадолець няпросты шлях палітычнага крызісу і маральнага ачышчэння.

“І вопыт апошніх дзён, калі на вуліцы нашых гарадоў замест збітых мужоў, сыноў, братоў выйшлі іх жонкі, маці і сёстры – з кветкамі ў усмешкамі, выявілася, што духоўны закон “Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром” – працуе”, – прамовіў архіепіскап.

Ён падкрэсліў, што “любоў і мір дапамогуць усім нам вярнуць і Праўду”.

“І няхай будуць справядліва, чэсна і адкрыта расследаваныя ўсе факты падману, насілля і жорсткасці, каб здзейснілася правасуддзе і перамагла Праўда”, – зазначыў архіепіскап Арцемій.

Працяг гісторыі

Гсторыя з заявай з просьбай да свяцейшага патрыярха Кірыла зняць з Гродзенскай кафедры архіепіскапа Арцемія набыла працяг. Пасля таго, як яна была апублікавана, “Руская народная лінія” атрымала ліст ад Брацтва імя Святога раўнаапостальнага князя Уладзіміра. У ім паведамлялася, што Брацтва не рабіла падобнай заявы адносна архіепіскапа Арцемія, якая была апублікавана за подпісам Андрэя Лабаноўскага.

Больш таго, у лісце гаварылася, што Андрэй Лабаноўскі ніколі не быў старшынёй Брацтва і нават не з’яўляўся яго членам. І, маўляў, ніхто не ўпаўнаважваў яго рабіць падобныя заявы. Ліст быў напісаны на афіцыйным бланку Брацтва і падпісаны настаяцелем Свята-Уладзіміраўскай царквы Гродна пратаірэем Аляксандрам Велісейчыкам і старшынёй Брацтва Вольгай Тарасавай.

Тым не менш рэдакцыя палічыла патрэбным выказаць сваю мараль адносна гэтай гісторыі. Аўтар публікацыі дазволіў сабе сказаць, што “уладыка залішне эмацыйна выступіў супраць насілля прадстаўнікоў органаў правапарадку”.

Асаблівае абурэнне ў яго выклікала выкананне святарамі Гродзенскай епархіі нацыянальнага беларускага гімна “Магутны Божа”. Аўтар не прамінуў нагадаць, што ён быў напісаны на словы Наталлі Арсеньевай, мужа якой назваў “галоўным беларускім калабарцыяністам”.  І, маўляў, чаму епархія гэтага не асудзіла?

А раз не асудзіла, то, паводле аўтара РНЛ, “узнікае падазрэнне, што і сам уладыка Арцемій салідарны з грамадскай пазіцыяй сваіх святароў”.

Поделиться: