Андрэй Краўчанка. Фота: AFP/Scanpix

Сярэбраны прызёр Алімпіяды-2008 па дзесяцібор’і распавёў “Народнай Волі”, як з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі застаўся без працы.

– Я насамрэч разам з іншымі спартсменамі паставіў подпіс пад лістом, у якім выказаўся супраць гвалту ў краіне, за прыцягненне да адказнасці тых, хто збіваў і забіваў людзей, за правядзенне сумленных выбараў, – кажа Андрэй. – А зараз высветлілася, што застаўся і без працы, і без трэніровак. І, шчыра кажучы, гэта не стала нечаканасцю. Ведаў, што так будзе, яшчэ ў той момант, калі ставіў подпіс.

– Міністэрства спорту і турызму “ацаніла” вашу грамадзянскую пазіцыю?

– Міністэрства спорту мне слова не сказала, затое па іх ініцыятыве мяне адкамандзіравалі на службу ў КДБ, дзе я і лічыўся ў штаце. Гэта значыць, што трэба было ехаць у Маладзечна ў вайсковую часць і яшчэ шэсць гадоў жыць у казарме – менавіта столькі мне заставалася служыць да пенсіі.

Шэсць гадоў не бачыць сям’ю, не трэніравацца – поўнае глупства! Я на такія ўмовы не пайшоў бы ніколі ў жыцці. Сядзець там і паперкі перабіраць? Гэта не па мне. Натуральна, ад такой прапановы я адмовіўся і напісаў рапарт аб звальненні. Дзеля праўды ахвяраваў камфортам. І гэта было маё асабістае рашэнне.

– У якім званні былі?

– Маёр КДБ, цяпер ужо былы. Дарэчы, заробак быў не такі і вялікі – крыху больш за тысячу рублёў.

– Думаеце, пад санкцыі спартыўных чыноўнікаў патрапяць усе спартсмены, якія паставілі подпісы пад тым лістом?

– Хацелася б верыць, што толькі мяне прынеслі ў ахвяру, каб іншых павыхоўваць. Але вельмі моцна ў гэтым сумняваюся.

– Крыўдна за тое, як Радзіма аддзячыла вам за ўсё тое, што вы для яе зрабілі за час выступленняў на міжнародных спаборніцтвах?

– Мне крыўдна за тое, што людзей прэсуюць проста за тое, што яны кажуць праўду. За тое, што яны ўказваюць на відавочныя рэчы. Я кажу: “Вы правялі непразрыстыя выбары, скралі мой голас”. А мне ў адказ: “Ты Радзіму не любіш”. Кажу: “Навошта людзей збіваеце?” – “Ты абараняеш п’яніц і наркаманаў”.

У мяне ёсць рэальныя знаёмыя, якіх моцна збілі праваахоўнікі, але гэта ніякія не п’яніцы, а нармальныя грамадзяне Беларусі, віна якіх толькі ў тым, што яны не хочуць хлусіць самім сабе.

У мяне сэрца крывёй абліваецца, калі я кожны дзень бачу абсалютнае беззаконне. Я думаю, што зараз ва ўсіх нервы на мяжы.

– Але многія спартсмены маўчаць, не далучаюцца да тых, хто публічна асудзіў такія дзеянні…

– Ёсць спартсмены, а ёсць людзі. І найперш ты – не спартсмен, а Чалавек з уласнай пазіцыяй і сумленнем. З гэтым жыць кожнаму. Але, відаць, не ў кожнага гэтае сумленне прачнулася. А, можа быць, некаторыя проста ціха сядзяць і чакаюць, куды вецер падзьме.

– Чым зараз будзеце займацца? Са спортам вы ж не збіраліся развітвацца…

– Наўрад ці я ўжо змагу выступаць на спаборніцтвах, хаця трэніравацца, безумоўна, можна. Мяне ж паказальна прыбралі са зборнай, і не для таго, каб туды вяртаць.

Дарэчы, я нават хацеў паспрабаваць сябе ў іншым відзе спорту. У мяне мара – гуляць у гандбол.

Але дакладных планаў на бліжэйшую будучыню пакуль няма. Натуральна, з краіны не хочацца з’язджаць. Хочацца застацца, быць побач са сваёй сям’ёй, з сапраўднымі людзьмі, якія рэальна перажываюць за сваю краіну. І яшчэ не вядома, што далей будзе адбывацца ў Беларусі.

Дарэчы, гадоў восем таму я атрымліваў прапановы змяніць грамадзянства, выступаць пад іншым сцягам. Многія маглі з’ехаць нават у ЗША, дзе можна было і вучыцца ў каледжы, і выступаць на спаборніцтвах. Але мой дом тут. Мая краіна – Беларусь.

– Кажуць, што пасля выбараў пайшоў раскол у беларускім грамадстве…

– Адназначна, хаця я наогул не разумею тых, хто гэты рэжым падтрымлівае. Альбо гэтыя людзі проста сляпыя, альбо ў іх наогул няма нічога чалавечага. І з тымі знаёмымі, якія маюць такія погляды, я ўжо не маю ніякіх зносін. Таму зараз падтрымліваю кантакты толькі са сваімі аднадумцамі, з сям’ёй…

– Сям’я вялікая?

– Жывём з жонкай у Мінску ў грамадзянскім шлюбе, падрастае дачушка, якой усяго дзевяць месяцаў. Таму трэба будзе круціцца.

А пакуль што ёсць знаёмыя і сябры, якія сказалі, што на першы час не кінуць мяне сам-насам з маімі праблемамі. Добрых людзей вельмі шмат. Рэальна спагадлівых людзей, а не тых, хто, як страусы, схавалі галаву ў пясок.

– Многія спартсмены, пакуль выступаюць, стараюцца адкладваць грошы, каб затым, пасля сыходу на “цывільнае” жыццё была падушка бяспекі.

– Я вельмі шмат асабістых грошай патраціў на аперацыі на назе – больш за 20 тысяч еўра. Напрыклад, перадапошняя аперацыя, якую рабілі ў Італіі, каштавала 11 тысяч еўра. А ўсяго мне зрабілі сем аперацый.

Да слова, усе аперацыі былі пад поўным наркозам, што таксама не вельмі добра для здароўя. Яшчэ добра, што я ад прыроды вельмі моцны. Калі б на маім месцы быў хтосьці слабейшы, то наступствы маглі быць самыя непрадказальныя.

– Адным словам, вам спорт здароўя асабліва не дадаў.

– Адназначна. Сёння чыноўнікі папракаюць спартсменаў: “Навошта вы выступаеце супраць дзеючай улады? Вам дзяржава дапамагае, а вы такія няўдзячныя”. Усе бачаць толькі тое, што нам далі. А нічога, што мы ўзамен сваім здароўем разлічваемся? Мы ж не на прагулку ў магазін ходзім, а штодзень так арганізм нагружаем, што ён проста разрываецца.

Таму не трэба нас вінаваціць, што мы тут ледзь не на шыі ў дзяржавы сядзім. Таксама многім ахвяруем, каб выйграць спаборніцтвы і праславіць дзяржаву.

І, шчыра кажучы, хацелася б яшчэ нейкі час пабыць у спорце, запал яшчэ ёсць.

– Не шкадуеце, што патрапілі ў такую сітуацыю?

– Ні на кроплю! Я, наадварот, ганаруся і сабой, і тымі людзьмі, якія не маўчаць. І якія не ідуць супраць свайго сумлення.

***

Публікацыя — з № 71 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: