Марыя Калеснікава падчас паездкі да завода "Атлант" / Еўрарадыё

Адвакатка Людміла Казак, якая абараняе інтарэсы Марыі Калеснікавай, звярнулася ў Памежны камітэт. Яна просіць неадкладна паведаміць, якія працэдуры праводзяцца з Калеснікавай, даць звесткі пра службовую асобу, адказную за разгляд, і пра сутнасць выстаўленых прэтэнзій. Таксама Казак просіць паведаміць ёй, дзе трымаюць Калеснікаву, паведамляе прэс-служба Віктара Бабарыкі, перадае Еўрарадыё.

Адвакатка нагадвае, што права на абарону кожны мае з моманту затрымання, а процідзейнічаць аказанню юрыдычнай дапамогі забараняе Канстытуцыя Беларусі.

Паведамляецца, што заяву прыняў намеснік старшыні Памежнага камітэта. Ён адзначыў, што, калі ў дачыненні да Калеснікавай вядзецца адміністрацыйны працэс, адвакатцы пра гэта паведамяць.

Марыю Калеснікаву выкралі ў цэнтры Мінска зранку 7 верасня. Цэлы дзень пра яе нічога не было вядома. Зранку 8 верасня афіцыйныя органы паведамілі, што Калеснікава і яшчэ два сябры Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў выехалі ва Украіну.

Аднак пазней выявілася, што Калеснікава засталася ў Беларусі. Паводле афіцыйнай версіі, яе выпхнулі з машыны. Паводле неафіцыйнай, жанчына парвала свой пашпарт і памежнікі не змаглі аформіць яе выезд за мяжу.

Поделиться: