Павел Латушка. Фота з адкрытай крыніцы

Павел Латушка, член Каардынацыйнай рады, былы дыпламат і кіраўнік Купалаўскага тэатра, піша на сваім тэлеграм-канале.

Вось ужо 4 тыдні ў Беларусі штодзень затрымліваюць мірных грамадзян. У тым ліку жанчын і падлеткаў.

Учора Беларусь ускалыхнула яшчэ адна хваля жорсткіх затрыманняў. Людзі, якія хаваюць свае твары за маскамі і балаклавамі, у форме без апазнавальных знакаў, людзі ў цывільным, баязліва дачакаўшыся, пакуль большасць удзельнікаў маршу мірна разыдуцца па сваіх дамах, проста на вуліцы, у дварах, жорстка хапаюць нявінных. Немагчыма глядзець, як невядомыя цягнуць за рукі і ногі жанчыну ў аўтазак. Як, уцякаючы, людзі скачуць у ваду, каб уратавацца. Чым можа быць небяспечны 12-гадовы хлопчык?

Увесь свет пабачыў беспрэцэдэнтную мірнасць простых беларусаў падчас пратэстаў. Прыбранае смецце і зняты абутак перад тым, як стаць на лаўку, каб было лепш відаць. Дапамога з вадой і ежай тым, хто знаходзіцца ў эпіцэнтры. Да ўчорашняга дня не было ніводнай разбітай вітрыны. Але і ўчора першыя пашкоджанні былі нанесеныя не мірнымі пратэстоўцамі, а ўзброенымі сілавікамі ў цывільным. Ці сапраўды вы змагаецеся з арганізаванай злачыннасцю? ЦІ НЕ СТАЛІ ВЫ САМІ ЁЙ?

У эфіры тэлеканалу СТБ міністар унутраных спраў Юры Караеў заявіў:
«Больш гуманнай, вытрыманай і халаднакроўнай міліцыі няма нідзе ў свеце».

Раней экспэрты ААН заявілі пра 450 задакумэнтаваных выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі, пазбаўленымі волі пасля «спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў» 9 жніўня, якія прывялі да масавых пратэстаў і арыштаў. Месцазнаходжанне і стан здароўя як найменей 6 чалавек застаецца невядомым. Экспэрты ААН атрымалі паведамленні пра гвалт у адносінах да жанчын і дзяцей, у тым ліку пра сэксуальны гвалт і згвалтаванне гумовымі дубінкамі.

А насамрэч гэта тысячы людзей, жыццё якіх ужо не будзе ранейшым. Тысячы іх блізкіх і сяброў. Бацькі, дарослыя дзеці якіх цяпер баяцца спаць адны ў цемры. Беларусь ізноў на шляху, дзе пацярпеў кожны чацвёрты.

***

Напярэдадні падзей 6 верасня Латушка апублікаваў відэазварот да сілавікоў, у якім заклікаў іх стаць на бок народу.

“Перамога ў любым выпадку будзе за народам, вы гэта добра разумееце. Падумайце пра будучыню. Многія вашы камандзіры і генералы атрымаюць тэрміны, але ў вас яшчэ ёсць шанец стаць на бок дабра і ў хуткім часе разам з народам адсвяткаваць перамогу”, – прамовіў ён.

Поделиться: