Таццяну Бачурную (у цэнтры) сябры сустрэлі кветкамі

 Суддзя Навабеліцкага раённага суда Гомеля Дзмітрый Казлоў 7 верасня пастанавіў аштрафаваць маладую маці Таццяну Бачурную на 810 рублёў за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства – паводле артыкула 23.34 КаАП.

Штраф у два разы большы, чым мой бухгалтарскі заробак. Міліцыя і суд не толькі запалохваюць, але, падаецца, і вымяшчаюць нейкую злосць на людзях за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, – кажа аштрафаваная.

У суд Таццяну прывезлі пад канвоем з ізалятара часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. Супрацоўнікі Навабеліцкага РАУС змясцілі туды жанчыну, якая адна выхоўвае сына-першакласніка, яшчэ 4 верасня. Забралі яе ў міліцыю проста з працы, прывезлі ў аддзел, дзе трымалі да цямна, а потым адправілі ў ІЧУ. Пратакол супраць жанчыны нібыта за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыествах склаў участковы, капітан міліцыі Сяргей Ахраменка.

Пры канцы жніўня Бачурная ў скверы пры вуліцы Ільіча збірала подпісы, каб ініцыяваць адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акругі №36 Вольгі Крэч. Міліцыянеры безпадстаўна папярэджвалі Таццяну, што быццам бы збіраць подпісы за правядзенне сходу па адкліканні дэпутаткі яна мае права толькі ў сваім доме. На грамадзянскую іныцыятыву маладой жанчыны міліцыянеры адрэагавалі яе затрыманнем.

Выйшла 7 верасня на волю гамяльчанка Святлана Нарскіна, яшчэ адна маці-адзіночка. Суддзя Цэнтральнага раёна Сяргей Салоўскі на падставе адміністрацыйнага пратакола з міліцыі пакараў жанчыну 675-рублёвым штрафам за ўдзел у жнівеньскім маршы пратэсту. 4 верасня ўчастковы інспектар Цэнтральнага РАУС Арцём Жаўняк выклікаў Святлану ў аддзел, адкуль яна ўжо не выйшла. Маладую жанчыну таксама прэвентыўна адправілі ў ІЧУ, а сёння – аштрафавалі.

Тэрміновыя навіны чытайце на нашым тэлеграм-канале.

Поделиться: