Выратавальная станцыя "Камсамольскае возера". Фота: Еўрарадыё​

8 ратавальнікаў мінскага АСВОДа былі затрыманыя 6 верасня пасля Маршу адзінства.

Як паведамляе “Еўрарадыё”, яны выцягвалі з Камсамольскага возера людзей, якія скакалі ў ваду, ратуючыся ад пераследу АМАПа, і перавозілі на другі бераг, выдавалі пледы і дапамагалі сагрэцца.

Неўзабаве міліцыя прыйшла па саміх ратавальнікаў.

На станцыі днём панядзелка пуставата. У калідорах чуваць тэлефонныя званкі: звоняць журналісты і занепакоеныя людзі.

— Так, нашы супрацоўнікі ўчора даставалі людзей з вады, проста аказвалі людзям дапамогу. Іх няма цяпер на працы. Я не ведаю, дзе яны знаходзяцца, — сустракае карэспандэнта “Еўрарадыё” “тэхнічны супрацоўнік”. — Павезлі спачатку ў РУУС, але цяпер яны на Акрэсціна. Я дакладна не скажу, вось там на другім паверсе знаходзіцца кіраўніцтва, схадзіце туды.

8 ратавальнікаў — у ізалятары: супрацоўнікі АСВОДа шукаюць затрыманых калег
Від з другога паверха на бераг, з якога скакалі ў ваду мітынгоўцы. Фота: Еўрарадыё​

Кіраўніцтва на месцы няма, кажуць супрацоўнікі, якія засталіся незатрыманыя. Што рабіць, куды тэлефанаваць, з кім пагаварыць — яны не ведаюць:

— Для нас саміх раніца пачалася нечакана.

— Але шэсць ратавальнікаў не выйшлі сёння на працу, так?

— Ну, нават не шэсць, а восем. Уся ўчарашняя змена.

8 ратавальнікаў — у ізалятары: супрацоўнікі АСВОДа шукаюць затрыманых калег
Каманда ратавальнікаў

З кабінета на размову выходзіць мужчына, які, відаць, застаўся за старшага. Але ён таксама нічога не ведае.

— Вы ведаеце, кіраўніцтва на месцы цяпер няма. Яны паехалі ўдакладняць усё. Нельга сказаць, што яны затрыманыя. Іх забралі, каб яны далі тлумачэнні наконт учарашняга. Мы не ведаем, дзе яны, напэўна, у Цэнтральным РУУС.

— Але больш за тры гадзіны гэта ўжо не “даць каментары”, а затрыманне.

— Ну, мы нічога не ведаем. Як толькі з’явіцца нейкая інфармацыя, мы з вамі звяжамся.

У ГУУС Мінгарвыканкама не далі інфармацыі пра месцазнаходжанне і статус супрацоўнікаў АСВОДа.

Па інфармацыі крыніцы “Еўрарадыё”, ратавальнікі знаходзяцца цяпер у мінскім ізалятары на завулку Акрэсціна. Ім хочуць паставіць у віну артыкул 23.4 КаАП (супраціў законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі). Па версіі міліцыянераў, ратавальнікі павінны былі перадаць тых, хто ўпаў у ваду, супрацоўнікам АМАПа, а не перапраўляць на другі бераг.

Поделиться: