Маці сустракае магілёўца Арцёма Сякацкага / mogilev.online

Магілёўскі абласны суд 1 верасня скасаваў пастанову суда Магілёўскага раёна, згодна з якой магілёвец Арцём Сякацкі быў асуджаны за ўдзел у “несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

Па словах 18-гадовага хлопца, 10 жніўня ён вяртаўся дадому, калі заўважыў хапун на плошчы каля кінатэатра “Чырвоная зорка”. Юнак паспрабаваў абысці кінатэатр, але ўсё адно яго затрымалі і пасадзілі ў аўтазак, паведамляе Еўрарадыё.

Судзілі Арцёма 12 жніўня. “Без сведак, без абаронцаў, за 5 хвілін разгледзелі справу і вынеслі прысуд: 7 сутак”, — цытуе mogilev.online успаміны хлопца.

У камеры сядзелі ўшасцёх. На чацвёрты дзень арышту Арцёму нечакана прапанавалі амністыю, і ён пагадзіўся.

А на волі хлопец разам з бацькамі даслаў у абласны суд скаргу, дадатак да яе заняў 20 аркушаў.

Бацька Арцёма Вячаслаў Сякацкі звяртае ўвагу на несастыкоўкі ў справе: “Рэч у тым, што быў запытаны білінг мабільнага аператара, які паказаў, што Арцём знаходзіўся ў іншым месцы ў той час, які пазначаны ў рапарце міліцыянта. Акрамя таго, пры складанні дакументаў міліцыя дапусціла грубыя парушэнні: у пратаколе затрымання ёсць дапісваннія, няма подпісаў затрыманага і таго, хто яго затрымліваў”.

На сваім пасяджэнні 1 верасня Магілёўскі абласны суд адмяніў пастанову. Справу вырашана адправіць у той жа суд, але новаму суддзі на новы разгляд.

Тым часам Сякацкія плануюць прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія, на іх думку, сфальсіфікавалі адміністрацыйную справу на іх сына.

Поделиться: