Навабеліцкі РАУС Гомеля

Маладая маці Таццяна Бачурная з Гомеля стала чарговай «сядзельніцай» ізалятара часовага ўтрымання, адпраўленай туды міліцыяй. І гэта нягледзячы на тое, што Таццяна адна выхоўвае сына, які зараз пайшоў у першы клас.

За што ў Гомелі міліцыя змяшчае ў ізалятар маладых жанчын?
Таццяна Бачурная. Фота з адкрытай крыніцы

Бачурную супрацоўнікі Навабеліцкага РАУС Гомеля забралі 4 верасня проста з працы, прывезлі ў аддзел, дзе трымалі да цямна, а потым адправілі ў ІЧУ. 7 верасня над ёй мае адбыцца суд.

Знаёмыя жанчыны Ілля і Ксенія распавялі, што Бачурная ў скверы пры вуліцы Ільіча збірала подпісы за адкліканне дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акругі №36 Вольгі Крэч. Міліцыянеры папярэджвалі Бачурную, што подпісы збіраць яна мае права толькі ў сваім доме. Тацяна ж прытрымлівалася заканадаўства.

Міліцыя абвінавачвае жанчыну ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, бо на зборы подпісаў за адкліканне дэпутаткі сабралася шмат жыхароў Навабеліцкага раёна.

3 верасня міліцыя змясціла ў ізалятар без суда журналістку Ларысу Шчыракову, якая адна выхоўвае 13-гадовага сына. Не маючы ключоў ад дома, хлопчык заставаўся на вуліцы. На журналістку ў міліцыі склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у маршы незалежнасці і міру, а пасля дадалі яшчэ і рэпост у сацыяльнай сетцы акцыі салідарнасці студэнтаў у Мінску. Калі журналістка адмовілася здаць адбіткі пальцаў, яе абвінавацілі на дадатак у непадпарадкаванні міліцыі.

За што ў Гомелі міліцыя змяшчае ў ізалятар маладых жанчын?
Ларыса Шчыракова

Судзілі Ларысу Шчыракову ў Гомельскім РАУСе без сведкаў на так званым выяздным пасяджэнні Гомельскага раённага суда. Суддзя Вольга Фядосава на падставе двух пратаколаў пакарала журналістку штрафам у памеры 135 рублёў.

Суботні дзень 5 верасня сустрэла ў ІЧУ і гамяльчанка Святлана Нарскіна, яшчэ адна маці-адзіночка. Напярэдадні яна ў групе падтрымкі чакала, пакуль прывязуць з ізалятара на суд журналістку Шчыракову. У Цэнтральны РАУС Святлану выклікалі 4 жніўня а 18 гадзіне з прычыны яе ўдзелу ў акцыях за незалежнасць і мір. З міліцыі Нарскіна ўжо не выйшла – маладую жанчыну таксама завезлі ў ІЧУ да панядзелка, калі над ёй будзе суд.

За што ў Гомелі міліцыя змяшчае ў ізалятар маладых жанчын?
Святлана Нарскіна
Поделиться: