“Марш адзінства” у Гродне не ўдалося правесці ў цэнтры. Пратэстоўцаў не пусцілі сюды і выціснулі ў занёманскую частку горада. Адбыліся сутычкі з АМАПам і брутальныя затрыманні.

Цэнтр Гродна быў зараней перакрыты. На плошчы Тызенгаўза ўлады зладзілі вайсковае свята. Пратэстоўцы планавалі калонамі з розных раёнаў сцякацца ў цэнтр. Але калоны аказаліся нешматлюдныя і АМАП здолеў многіх затрымаць і перакрыць іх рух. Некаторыя не здолелі нават пакінуць свае раёны.

Тым не менш на краю Савецкай плошчы побач з кнігарняй “Раніца” ўдалося сабрацца каля паўтысячы чалавек. Да іх пастаянна далучаліся людзі, але прайсці праз Савецкую плошчу не ўдавалася.

У той самы час з занёманскай часткі горада калона ад абласной філармоніі не змагла прайсці праз Стары мост у цэнтр. На вуліцы Гарнавых адбылася жорсткая сутычка з АМАПам. Многіх маніфестантаў пабілі, некаторых затрымалі.

Пазней АМАП усё ж выціснуў людзей з плошчы Савецкай да драматычнага тэатра. Відавочна нічога не заставалася рабіць, як скіравацца за Нёман, дзе насустрач ішла яшчэ адна калона з мікрараёна “Вішнявец”.

Заняўшы адну паласу аўтамабільнага руху, пратэстоўцы накіравалася ў бок праспекту Янкі Купалы. Ім удалося злучыцца з калонай, якая кіравалася ў цэнтр з мікрараёна Вішнявец, але назад у цэнтр яны ўжо павярнуць не здолелі – дарога была перакрыта.

Несамавітая атмасфера была ў калоне, людзі скандуюць: “Гэта наш горад!”, “Гродна выходзь!”, “Лукашэнка сыходзь!”.

Гродзенка Ірына, як і ўсе, хто ў калоне, перакананая, што нельга здавацца. “Думаю, што пратэсты трэба працягваць, і чым болей людзей будзе выходзіць, тым хутчэй наступіць вынік”, – кажа ўжо немаладая спадарыня.

Людзей заціснулі з двух бакоў АМАП і міліцыя. Было прынята рашэнне скіравацца да гандлёвага цэнтра “Triniti”, некаторыя спрабавалі прабівацца праз двары, але і там іх пачалі хапаць і збіваць людзі ў чорных масках.

Жорсткія сутычкі з АМАПам адбыліся ў раёне крамы “Брэст”, ёсць затрыманыя.

Гродна: блакаваны сілавікамі цэнтр і жорсткія сутычкі дэманстрантаў з амапаўцаміГродна: блакаваны сілавікамі цэнтр і жорсткія сутычкі дэманстрантаў з амапаўцаміГродна: блакаваны сілавікамі цэнтр і жорсткія сутычкі дэманстрантаў з амапаўцаміГродна: блакаваны сілавікамі цэнтр і жорсткія сутычкі дэманстрантаў з амапаўцамі

Поделиться: