Ларыса Шчыракова

Журналістку Ларысу Шчыракову пасля стрыма з шматтысячнага маршу незалежнасці і міру ў Гомелі, які праводзіўся 30 жніўня, людзі ў цывільным перастрэлі з сынам каля прыватнага дома ў прыгарадным пасёлку Перамога. Яе даставілі ў РАУС Гомельскага раёна.

Супрацоўнік міліцыі Валер Окунеў склаў супраць журналісткі адміністрацыйны пратакол (артыкул 23.34 КаАП) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і гразіўся адправіць яе ў ізалятар часовага ўтрымання. Маладой жанчыне зрабілася блага. Хуткая медычная дапамога  даставіла Шчыракову ў шпіталь інвалідаў вайны, які знаходзіцца непадалёку ад райаддзела міліцыі ў Навабеліцкім раёне Гомеля. Журналістка скардзілася на галаўны боль, і яе шпіталізавалі.

На наступны дзень Шчыракову па яе просьбе выпісалі са шпіталя. Дома заставаўся 13-гадовы сын, якога да таго ж трэба было збіраць у школу.

Суд над Шчыраковай мусіў адбыцца 3 верасня. Аднак напярэдадні сакратарка суддзі Тамары Застаўнецкай з Гомельскага раённага суда патэлефанавала журналістцы і папярэдзіла, што адміністрацыйны пратакол у дачыненні яе накіраваны назад у РАУС на дапрацоўку – у суд прыязджаць не трэба.

Падвечар таго ж 3 верасня Шчыракова паехала на заняткі вакальнага гуртка – і прапала. Сябры і калегі сталі біць трывогу: у дом не мог патрапіць сын журналісткі, бо ў мамы заставаліся ключы.

Позна ўвечары, – расказвае бабуля хлопчыка Тамара Шчыракова, – міліцыя прывезла ўнука да мяне дадому. Сёння ён не пайшоў у школу, бо да гэтага часу не можа патрапіць у свой дом.

Выявілася, што журналістка ночыла ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама на вуліцы Міжгародняй. З якой прычыны затрымалі Шчыракову, дзяжурны ізалятара сказаць адмовіўся.

Афіцыйны прадстаўнік абласной міліцыі Віталь Прыстромаў паведаміў 4 жніўня, што Ларыса Шчыракова затрымана супрацоўнікамі Гомельскага РАУС у межах адміністрацыйнай справы аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суд у дачыненні журналісткі прызначаны на 15.00.

Аднак у прызначаны час Ларысу Шчыракову ў суд Гомельскага раёна не прывезлі. Тут яе чакалі журналісты, праваабаронцы, гараджане. Каля 16-й гадзіны памочніца старшыні суда Кушнярэвіч паведаміла, што Шчыракову будуць судзіць на выяздным пасяджэнні суда непасрэдна ў Гомельскім РАУСе.

Каля 17-й гадзіны група падтрымкі прыехала да райаддзела міліцыі. Праз некаторы час сюды прыйшла з кіёчкам і Тамара Астапаўна, маці Шчыраковай. З ёю быў і сын Ларысы Святаслаў.

Нікога з прысутных у будынак РАУСа не пусцілі. Паставы старшы сяржант Рудзянок тлумачыў: “Вы ж ведаеце, якая сітуацыя ў краіне, таму цывільных у аддзел не пускаем”. Тым не менш, міліцыянер абяцаў паведаміць, калі будзе разглядацца справа Шчыраковай.

Яшчэ гадзіну  прысутныя чакалі вынікаў разгляду адміністрацыйнай справы. На пачатку 19-й гадзіны той жа старшы сяржант заявіў, што Шчыраковай у райаддзеле няма.

Тамара Астапаўна звярнулася ў аддзел з вуснай заявай аб прапажы дачкі.

А 19-й гадзіне ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама паведамілі, што Ларыса Шчыракова не прапала, яна аштрафавана на падставе артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях на 5 базавых велічыняў (135 рублёў) і хутка будзе дома.

Сын Ларысы ізноў чакаў маці ў прыцемках у двары дома яшчэ каля гадзіны. Журналістка прыехала дахаты толькі на пачатку 21-й гадзіны.

Шчыракова паведаміла, што напярэдадні, калі яна была ў доме культуры, ёй патэлефанаваў участковы інспектар Гомельскага РАУСа і папрасіў прыехаць.

Гэта блізка да райаддзела міліцыі. Я думала, што мяне выклікаюць, каб удакладніць пратакол, складзены інспектарам Окуневым за асвятленне маршу міру 30 жніўня. Аднак капітан міліцыі Алег Кемель склаў пратакол на падставе артыкула 23.34 КаАП за рэпост у сацыяльнай сетцы акцыі салідарнасці са студэнтамі Мінска. Пасля складання пратакола ў мяне хацелі ўзяць адбіткі пальцаў, але я адмовілася. Супрацоўнік міліцыі Руслан Цітоў склаў яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне міліцыі. Пасля гэтага мяне і адправілі ў ізалятар, нягледзячы на тое, што дома застаўся непаўнагадовы сын, – распавяла сама Ларыса Шчыракова.

Яна паведаміла таксама, што два адміністрацыйныя пратаколы суддзя Гомельскага раённага суда Вольга Фядосава разглядала без сведкаў у актавым зале райаддзела міліцыі і на падставе двух вышэйзгаданых пратаколаў пакарала Шчыракову штрафам.

Да вызвалення Ларыса ўвесь час знаходзілася ў РАУСе на вуліцы Сцяпана Разіна, а міліцыянты наўмысна ўводзілі ў зман сваякоў ды іншых прысутных, каб яны не сустрэлі журналістку пры вызваленні.

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову судзілі ў міліцыі без сведкаў
Група падтрымкі у Гомельскім райсудзе

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову судзілі ў міліцыі без сведкаў

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову судзілі ў міліцыі без сведкаў
Чаканне каля РАУСа
Поделиться: