Ці заўважылі вы, як дружна высокае начальства стала дзяўбці пра новую Канстытуцыю? Маўляў, гэта найлепшае выйсце з цяперашняга палітычнага крызісу.

Насамрэч, я лічу, гэта хітры кручок.

Згадайма: пра новы Асноўны закон рэзка загаварыў Аляксандр Лукашэнка, калі 17 жніўня яго пачалі прэсінгаваць рабацягі на Мінскім заводзе колавых цягачоў. Ён прапанаваў: маўляў, спачатку давайце прымем Канстытуцыю на рэферэндуме, а потым ужо, калі хочаце, зладзім новыя выбары. І ўжо тады гэта выглядала як спроба саскочыць з непрыемнай тэмы, бо рабацягі крычалі: “Сыходзь!”

2 верасня задуму наконт новай Канстытуцыі рэкламаваў у Маскве міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Ідэю падтрымалі ўжо ягоны расійскі калега Сяргей Лаўроў, сам Уладзімір Пуцін. Відавочна, што гэты план пераводу палітычных стрэлак узгоднены з Крамлём, які ў вострым канфлікце між беларускім рэжымам і масай грамадзян адназначна стаў на бок рэжыму. І Мінск, і Крэмль зацікаўлены задушыць беларускую рэвалюцыю.

Заўважце, што ні Лукашэнка, ні Макей, ні іншыя важныя чыноўнікі нічога не кажуць ні пра змест меркаванай канстытуцыйнай рэформы, ні пра яе тэрміны, ні пра тое, як хутка могуць адбыцца потым новыя выбары. Гэта толькі ўмацоўвае назіральнікаў у думцы, што беларускае кіраўніцтва проста шукае спосаб выкруціцца з цяперашняй крытычнай для яго сітуацыі.

Задума палягае ў тым, каб падмяніць парадак дня. Народ, які выходзіць на вуліцы, ставіць рубам пытанні пра сыход Лукашэнкі, вызваленне палітвязняў, расследаванне гвалту з боку сілавікоў, а галоўнае – пра новыя, сумленныя выбары як мага хутчэй. А людзям хочуць запудрыць мазгі, каб яны адступілі. Начальства хоча спакваля перавесці фокус грамадскай увагі на вялацякучы працэс абмеркавання паправак у Канстытуцыю.

У вуснах дзяржаўных дзеячаў загучала нават слова “дыялог”. Але з кім? Створаную на ініцыятыву Святланы Ціханоўскай Каардынацыйную раду, ужо прыдушаную крымінальнай справай, ад гэтага дыялогу відавочна хочуць адсекчы. Між тым менавіта за Ціханоўскую галасавалі многія з тых, хто выходзіць на вуліцу, менавіта яе мільёны людзей лічаць фактычнай пераможцай выбараў.

Лукашэнка ж цвердзіць пра магчымы дыялог з нейкімі прадстаўнікамі працоўных, студэнцкіх ды іншых калектываў. Ну і плюс каліва “вменяемых” людзей з апазіцыі (чытай: кішэннай). То бок гаворка ідзе пра нейкі імітацыйны “круглы стол” з адфільтраванай лаяльнай публікай. Звышзадача – перавесці стрэлкі, збіць незадаволеных грамадзян з панталыку, дачакацца спаду пратэстаў, цалкам узяць сітуацыю ў краіне пад кантроль.

Што ж да сутнасці меркаваных паправак у Асноўны закон, то, ведаючы натуру А.Лукашэнкі, чакаць сапраўднай дэмакратызацыі, як мне падаецца, не выпадае. 26 гадоў ён толькі падграбаў уладныя паўнамоцтвы пад сябе. З якой радасці ён стане зараз імі шчодра дзяліцца? Ну мо адшкадуе трохі дзеля блезіру. Напрыклад, дадуць парламенту права зацвярджаць пару якіх міністраў. Каліва паўнамоцтваў кіроўная вярхушка можа дэлегаваць на месцы, каб спіхнуць з сябе адказнасць за рэгіянальныя праблемы.

Хтосьці мяркуе, што ў новай Канстытуцыі будзе прапісаны нейкі механізм транзіту ўлады. Што ж, магчыма, з’явіцца, напрыклад, пасада віцэ-прэзідэнта, на якую можна будзе прызначыць свайго чалавека. Такі фокус у 2016 годзе зрабіў у Азербайджане Ільхам Аліеў, прычым на пасаду віцэ-прэзідэнта паставіў сваю жонку.

Уявіць жа, што Лукашэнка прапіша для сябе статус нейкага бацькі нацыі, гэтакага беларускага елбасы, вельмі цяжка. Так, у Казахстане Нурсултан Назарбаеў саступіў прэзідэнцкае крэсла, сышоў на іншую пазіцыю. Але ж хіба Лукашэнка здолее збоку назіраць, як нехта сядзіць у ягоным былым крэсле? Надта сумняваюся. Ды і ні ў якія гарантыі недатыкальнасці ён відавочна не верыць.

У кожным разе няма сумневу, што Лукашэнка зробіць такую Канстытуцыю, якая будзе пасаваць асабіста яму, а не той масе беларусаў, што хочуць сапраўдных перамен у краіне.

Невыпадкова дзейны кіраўнік так апалчыўся на прапанову Віктара Бабарыкі вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года. Стаў палохаць вяртаннем да галечы і бандытызму ліхіх 90-х. Хоць сутнасць прапановы ў іншым – вярнуць абмежаванне прэзідэнцтва двума тэрмінамі ды падзел уладаў. Атрымліваецца, што гэтыя рэчы Лукашэнку зусім недаспадобы.

І потым, па якіх правілах будзе зладжаны канстытуцыйны рэферэндум? Па правілах пані Ярмошынай? Такі хакей нам зусім не патрэбны.

І дзе гарантыя, што Лукашэнка потым хутка запрапануе новыя выбары? А мо ён, наадварот, абнуліць свой чарговы тэрмін прэзідэнцтва, як гэта было пасля рэферэндуму 1996 года.

Карацей, уся сутнасць манеўру з Канстытуцыяй у тым, каб збіць цяперашнюю хвалю пратэстаў, авалодаць сітуацыяй. І потым пад шумок імітацыйнага абмеркавання могуць распачацца метадычныя рэпрэсіі супраць усіх, хто “гнаў хвалю”.

Тут напрошваецца гістарычная аналогія. Рускі цар, напалоханы рэвалюцыяй 1905 года, пайшоў быў на пэўныя саступкі, але потым, калі ўдалося суцішыць вулічныя выступленні, запрацаваў канвеер распраў з рэвалюцыянерамі. Якуб Колас тады напісаў горкі верш:

Канстытуцыю далі,
Адчынілі дзверы,
I… ў астрог нас павялі,
I таўкуць без меры.

Дык вось баюся, каб у нашым выпадку гісторыя не паўтарылася.

***

Публікацыя — з № 70 газеты «Народная Воля». Увесь нумар газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться: