Міністр замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба

Міністр замежных спраў Украіны Дзмітро Кулеба заявіў, што афіцыйны Кіеў будзе рэагаваць на палітычны крызіс у Беларусі адпаведна сваім нацыянальным інтарэсам.

«Мы будзем жорсткімі дзеяннямі рэагаваць на дзеянні Беларусі, а не на словы. Мы бачым, як нагнятаецца, на жаль, з беларускага і расійскага боку рыторыка, выстаўляюцца абсалютна нейкія фантасмагарычныя версіі аб нібыта ўдзеле Украіны ў расхістванні сітуацыі ў Беларусі, аб атручэнні Навальнага… Амбасадара Беларусі мы не выклікалі», — заявіў Дзмітро Кулеба, адказваючы на пытанне Свабоды.

Міністр нагадаў, што перадача Беларуссю «вагнераўцаў» Расіі стала нагодай адклікаць у Кіеў украінскага амбасадара з Мінску.

«Заявы ствараюць вельмі нэгатыўны фон для нашых дачыненняў – проста таму, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці. Асабліва непрыемна, што ў той час, як Расійская Федэрацыя, скажам так, ажыццяўляе дастаткова эфектыўны кантроль за падзеямі ў Беларусі, пры гэтым беларускі бок абвінавачвае Украіну ў тым, чаго яна не робіць. Мы разумеем, што гэтая рыторыка будзе працягвацца і надалей. Мне гэта нагадвае стары фільм, у якім маладая жанчына сумнявалася ў сабе і, каб павысіць сваю ўпэўненасць, безупынна паўтарала: «Я самая обаятельная и привлекательная», — дадаў Дзмітро Кулеба.

«Украіна будзе падыходзіць да беларускага крызісу выключна з нацыянальных інтарэсаў. Першае — нацыянальная бяспека. Другое — абарона ўкраінскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Трэцяе — абарона нашых эканамічных інтарэсаў у дачыненнях з Беларуссю. І разглядаць сітуацыю будзем комплексна, бо вядзеца вельмі складаная гульня, і мы мусім у гэтай гульні мінімізаваць нэгатыўныя наступствы для Украіны», — падкрэсліў міністр.

Поделиться: