Фота Віталя Палінеўскага

У мінскай Катэдры 3 верасня адбылася супольная малітва аб вяртанні ў Беларусь мітрапаліта Кандрусевіча, якога ўлады не пускаюць на Радзіму, піша Наша Ніва са спасылкай на catholic.by.

Таксама быў зачытаны зварот арцыбіскупа з выгнання.

«Сардэчна вітаю вас усіх, сабраных у мінскай архікатэды Найсвяцейшага Імя Марыі на малітву ў інтэнцыі вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне, які працягваецца ўжо чацвёрты тыдзень, і майго хутчэйшага вяртання на Радзіму да сваёй паствы. Дзякую за памяць і малітвы як у інтэнцыі нашай супольнай Бацькаўшчыны, так і за мяне, — піша Кандрусевіч. —

Усе мы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і грамадства ў цэлым патрабуем перамен.

Стаячая вада псуецца і не надаецца да ўжытку. Разам з тым, праточная вада з’яўляецца здаровай. Лацінскі выраз ясна кажа: Qui non progredit, regredit — «Хто не ідзе наперад, вяртаецца назад».

Мы пакліканы развівацца, гэта азначае ўдасканальвацца ў сваім духоўным і грамадскім жыцці. Бог стварыў свет добрым, але наказаў людзям яго ўдасканальваць, што павінна адбывацца ва ўсіх сферах нашага жыцця.

Апынуўшыся ў складанай, нябачанай дагэтуль у нашай гісторыі сітуацыі, Беларусь патрабуе перадусім адказнага духоўнага падыходу, які грунтуецца на прынцыпах Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла. Нам неабходна вырашаць не толькі палітычныя, эканамічныя і грамадскія праблемы, але і духоўныя.

Пакуль грамадства не будзе прытрымлівацца базавых маральных нормаў, асноўнай з якіх з’яўляецца прынцып нікому не рабіць таго, чаго не жадаеш сам, яно не зможа вырашыць сваіх праблем і гарманічна развівацца.

А для гэтага найперш патрэбна малітва, якая мае моц «дастукацца» да Нябёсаў. У часы ваяўнічага атэізму на працягу трох пакаленняў наш народ трывала маліўся і атрымаў Божы дар свабоды. Цяпер неабходна працягваць маліцца, каб згодна з Божай воляй карыстацца гэтым дарам.

Свабода — гэта не толькі дар, але адначасова і адказнасць. Божы закон нам дадзены не для таго, каб яго змяняць, але каб ён нас змяняў да лепшага.

Ад усяго сэрца дзякую за памяць і малітвы ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і маёй сціплай асобы. Спадзяюся, што праблемы, з якімі сутыкнулася Беларусь, будуць вырашаны мірным шляхам. Таксама спадзяюся на маё хуткае вяртанне на Радзіму, каб зноў быць разам з вамі і служыць Касцёлу ў Беларусі непасрэдна, а не з-за мяжы.

Сумеснымі намаганнямі і з Божай дамогай зробім усё магчымае для таго, каб наша Радзіма развівалася ў праўдзе, справядлівасці і ўзаемнай любові, якая перавышае ўсё», — напісаў Кандрусевіч.

Поделиться: